» » Беларускі ПЭН. Меркаванне Альгерда Бахарэвіча

Беларускі ПЭН. Меркаванне Альгерда Бахарэвіча


Да 30-годдзя Беларускага ПЭН-цэнтра сябры і партнёры арганізацыі падрыхтавалі эсэ пра тое, што ПЭН значыць для іх саміх, для літаратурнага асяроддзя і для Беларусі. Сваімі разважаннямі падзяліўся пісьменнік і сябра Беларускага ПЭНа Альгерд Бахарэвіч.

Такія простыя прывілеі

Ніхто ня мае манаполіі на літаратуру. Ні самі пісьменьнікі, ні розныя “творчыя саюзы”, ні крытыкі, ні літаратуразнаўцы. А галоўнае – ніводная дзяржава ня мае права вызначаць, якой мусіць быць літаратура, і прасейваць яе з мэтай падзяліць на “сваю” і “чужую”. Там, дзе гэтага яшчэ не зразумелі, пачынаецца канфлікт: чыноўніка і пісьменьніка, чыноўніка і чытача, улады – і вольнае творчасьці.

Так некалі і ўзьнік Міжнародны ПЭН-клюб: як паўнавартасны адказ цэнзарам, міністрам, ідэолагам, “рэдактарам” у пагонах, сутанах, фесках і іншай уніформе духоўнікаў і маралістаў. Адказ на спробу нас прыручыць. Прыручыць – і кантраляваць.

Гэты адказ рыхтаваўся стагодзьдзямі. Пісьменьнікі і паэты, усялякія “кветкі зла”, няшчасныя выгнаньнікі, адзіночкі-мізантропы, самотныя ваўкі і ваўчыхі, што вечна балянсуюць паміж сузор’ямі і суіцыдам… Ім заўжды было цяжка згуртавацца, бо стаць нават у самыя высакародныя шэрагі – для іх найвялікшая пакута; але і яны нарэшце вырашылі: хопіць. ПЭН зьявіўся ў сьвеце і ў Беларусі, каб абараніць стары, як сьвет, шляхецкі прывілей літаратуры – нікога не абслугоўваць, не служыць ні дзяржаве, ні якой-кольвечы ідэалогіі, прывілей заўсёды існаваць насуперак, а ня згодна з правіламі.

Гэты прывілей заўжды аспрэчваўся і аспрэчваецца любой уладай: пісьменьнік by definition – нязручная фігура. Ён не стварае матэрыяльных каштоўнасьцяў, яму заўсёды ўсё не даспадобы, ён заўсёды наракае, а часам яшчэ і абвінавачвае, ён нікога ня хваліць. Ды яшчэ хоча за гэта павагі! Хто даў яму гэткае права?

Пісьменьнік бярэ яго сам. Разам з адказнасьцю за сваё слова і абавязкам быць якім заўгодна, але толькі не маўклівым, нудным і рабалепным служкам.

Важнасьць і ўнікальнасьць гэтага прывілею: ён даецца ўсім, хто гаворыць да сьвету сваімі тэкстамі. Незалежна ад нацыянальных, гендэрных, рэлігійных, моўных і іншых адрозьненьняў. І нават таленту (таго, што Бог, на жаль, і праўда няроўна дзеле – але ПЭН не худсавет, ён быў створаны для ўсіх, хто зарабляе на хлеб “пяром”, усіх тых, для каго пісаць – галоўны спосаб існаваньня). Мабыць, гэта адзіны прывілей у сьвеце, якім можа валодаць кожны. Як патлумачыць гэта сучасным беларусам – тым, хто піша, і тым, хто чытае? Гаворка пра каштоўнасны выбар – які ёсьць адначасова выклікам сусьветнай цывілізацыі.

Напэўна, асэнсаваць яго – адна з галоўных місій ПЭНа. Нагадаць пра такі просты прывілей пісьменьніка, як вольная творчасьць, і пра адказнасьць літаратуры перад самой сабой. А яшчэ вярнуць нашай сумнеўнай у вачах дзяржавы прафэсіі павагу – а заадно і самапавагу тых, хто піша. Піша, бо ня можа, ня мае такой шчасьлівай магчымасьці: жыць, думаць і выяўляць сябе інакш.

Пачытаць эсэ пісьменніцы і сябра Рады ПЭНа Алены Казловай можна тут.