» » Абвяшчаецца набор заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай

Абвяшчаецца набор заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай


Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.

Крытэры для падачы кніг: 

1) паэзія;

2) кніга, выдадзеная ў 2018 (кніга, якая была выдадзеная ў 2017, але па нейкіх прычынах не была пададзеная на мінулагоднюю прэмію, можа быць намінаваная ў гэтым годзе);

3) мова кнігі – беларуская.

Каб падаць заяўку, запоўніце форму, там далучыце электронную pdf-версію выдання. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906). Заяўкі прымаюцца да 14 чэрвеня.

Падаць заяўку і намінаваць кнігу на прэмію могуць аўтары, выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі і сябры журы. Пераможцу вызначаць вядомыя паэты і літаратуразнаўцы, склад журы будзе вядомы неўзабаве.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.

У 2018 годзе прэмію атрымаў Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.



Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас [email protected].

Статут прэміі можна пачытаць тут.