» » Міжнародны ПЭН супраць зняволення былых супрацоўнікаў турэцкай газеты “Джумхурыет”

Міжнародны ПЭН супраць зняволення былых супрацоўнікаў турэцкай газеты “Джумхурыет”


Турэцкія ўлады мусяць зняць абвінаваўчыя прысуды шасці былым супрацоўнікам і журналістам газеты “Джумхурыет” (Cumhuriyet), якія 25 красавіка 2019 года былі зноў адпраўленыя ў турму па беспадстаўных абвінавачваннях у тэрарызме, іх мусяць вызваліць неадкладна і безумоўна. Пра гэта сёння заявіў Міжнародны ПЭН. Арганізацыя таксама заклікае адмяніць прысуд васьмі іншым супрацоўнікам найстарэйшай незалежнай турэцкай газеты, апеляцыі некаторых з іх яшчэ чакаюць разгляду ў Касацыйным судзе краіне.

“Мы надзвычай засмучаныя рашэннем адправіць былых супрацоўнікаў “Джумхурыет” назад у турму. Гэтых вядомых журналістаў і смелых працаўнікоў нельга пакідаць за кратамі, яны мусяць быць неадкладна вызваленыя. Сваім рашэннем турэцкія ўлады ў чарговы раз прадэманстравалі, што не збіраюцца спыняць свае спробы абмежаваць свабоду слова і пакараць нязгодных, – заявіў Саліл Трыпаці, старшыня камітэту Міжнароднага ПЭНа “Пісьменнікі ў зняволенні”. – Журналісты, выдаўцы, навукоўцы і пісьменнікі неаднаразова траплялі ў няміласць да турэцкіх судовых уладаў па справах, якія суправаджаліся яўнай адсутнасцю доказаў і парушэннямі прынцыпаў справядлівага суду. У тых, каго лічаць нязгоднымі, мала магчымасцяў для атрымання ўнутраных сродкаў прававой абароны, іх саджаюць у турму без пільнага разгляду і неабходнай абачлівасці”.

25 красавіка 2019 года былы калумніст газеты “Джумхурыет” Хакан Кара, карыкатурыст Муса Карт, сябра рады Мустафа Кемаль Гюнгёр, бухгалтар Эмре Іпер і абмбудсман і журналіст Гюрай Оз з’явіліся ў судзе Коджаэлі, непадалёк ад Стамбула, пасля таго, як у лютым 2019 года іх турэмныя прысуды былі пакінутыя ў сіле пасля разгляду апелыяцыі. Іх адправілі назад у турму Кандыра, дзе яны будуць адбываць сваё зняволенне да канца. Паводле інфармацыі, ім застаецца адбыць 18 месяцаў, але некалькі месяцаў яны ўжо адседзелі ў следчым ізалятары.

Гэтыя шасцёра былі сярод 14 журналістаў і супрацоўнікаў газеты “Джумхурыет”, якіх 26 красавіка 2018 года прызналі вінаватымі ў “садзейнічанні тэрарыстычнай арганізацыі без удзелу ў ёй” і ў распаўсюдзе “прапаганды тэрарыстычнай арганізацыі” і прысудзілі турэмнае зняволенне тэрмінамі ад двух з паловай да васьмі з паловай гадоў. Згодна з турэцкім заканадаўствам, прысуды да пяці гадоў – якіх атрымалі ўсе шасцёра – лічацца канчатковымі і могуць быць скасаваныя толькі ў Канстытуцыйным судзе.

Больш падрабязна пра справу супрацоўнікаў газеты “Джумхурыет” можна пачытаць па спасылцы.