» » Міжнародны ПЭН заклікае Еўрасаюз паўплываць на азербайджанскія ўлады

Міжнародны ПЭН заклікае Еўрасаюз паўплываць на азербайджанскія ўлады


Сустракаючыся з азербайджанскімі лідэрамі ў Брусэлі пасля таго, як ўлады Азербайджана вызвалілі несправядліва зняволеных пісьменнікаў, журналістаў і актывістаў, Еўрасаюз і еўрачыноўнікі мусяць пераканацца, што яшчэ больш будзе зроблена для паляпшэння сіутацыі са свабодай слова ў Азербайджане, гаворыцца ў сённяшняй заяве Міжнароднага ПЭНа.

4 красавіка 2019 у Брусэлі пройдзе 16-ая Рада супрацоўніцтва ЕС-Азербайджан, штогадовая сустрэча, якая дазваляе перагледзець і засведчыць трываласць азербайджанска-еўрапейскіх стасункаў. У прыватнасці, чыноўнікі маюць намер абмеркаваць парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане. Абодва бакі таксама вядуць перамовы пра новае перспектыўнае пагадненне, якое і надалей умацуе іх сувязі.

“Нядаўняе памілаванне і вызваленне сотняў зняволеных у Азербайджане – гэта доўгачаканы крок у правільным кірунку, аднак за ім мусяць паследваць абсалютна неабходныя больш шырокія рэформы. Будучая Рада супрацоўніцтва ЕС-Азербайджан дае ключавую магчымасць падштурхнуць азейрбайджанскія ўлады да далейшых высілкаў для абароны асноўных правоў і свабодаў. Лідэры Еўрасаюзу мусяць за яе ўхапіцца,” – заявіў Карлэс Торнэр, генеральны дырэктар Міжнароднага ПЭНа.

У мінулым месяцы Міжнародны ПЭН прывітаў рашэнне прэзідэнта Ільхама Аліева памілаваць напярэдадні свята Наўруз 431 зняволенага, многія з якіх знаходзіліся за кратамі па палітычных матывах. Супольнасць ПЭНу, у прыватнасці, вітала вызваленне Рашада Рамазанава, азербайджанскага блогера, пісьменніка і ганаровага сябра ПЭНа Канады, які правёў амаль шэсць гадоў у зняволенні па сфабрыкаваных абвінавачваннях у захоўванні і збыце наркотыкаў.

Але тым не менш, па ацэнках азербайджанскіх праваабарончых групаў, прынамсі 74 актывісты, журналісты і апазіцыйныя палітыкі ўсё яшчэ незаконна знаходзяцца за кратамі.

Падрабязней пра сітуацыю ў Азейрбайджане