» » Журы назвала пераможцаў прэміі "Дэбют"

Журы назвала пераможцаў прэміі "Дэбют"


Прэмію “Дэбют” 2019 года атрымалі Галіна Сіўчанка за кнігу паэзіі "Зоў звычаю", Паўліна Вітушчанка за пераклад з літоўскай мовы рамана Рычарда Гавяліса "Віленскі покер" і Дар'я Трайдэн за зборнік апавяданняў "Крыштальная ноч".

Кожная пераможца атрымала ад фонда "Вяртанне" грашовую ўзнагароду ў памеры 4200 беларускіх рублёў.

Таксама фіналісты намінацый "проза" Алесь Кіркевіч ("Самурай") і Стэфан Корф ("Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага") ды ў намінацыі "паэзія" Алесь Замкоўскі ("Наступны прыпынак") і Стась Карпаў ("Канцылярыі розных спраў") атрымалі заахвочвальныя прызы — 1000 беларускіх рублёў.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла 26 сакавіка ў мінскім "Грай-кафэ".

У сёлетняе журы прэміі ўвайшлі Павел Бераговіч, Леанід Галубовіч, Адам Глобус, Вера Жыбуль (Бурлак), Ганна Кісліцына, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў — Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Юлія Шарова, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева, Таццяна Нядбай і інш.