» » “Бясцэнных слоў мантач і магнат”: яшчэ раз пра Маякоўскага

“Бясцэнных слоў мантач і магнат”: яшчэ раз пра Маякоўскага


Мабыць, нікім з аўтараў на Перакладчыцкай Майстэрні сёлета не займаліся так часта і так грунтоўна, як Уладзімірам Маякоўскім.

Гэта звязана (досыць прагматычны аспект) і з падрыхтоўкай яго кніжкі выбраных вершаў, што ў хуткім часе з’явіцца па-беларуску ў кніжнай серыі “Паэты планеты” і будзе прэзентавана ў красавіку на міжнародным фестывалі інтэлектуальнай літаратуры “Прадмова”. Але перадусім з жаданнем сучасных паэтаў-перакладчыкаў “прымерыць” стылістыку вялікага аўтара-эксперыментатара на магчымасці сучаснай беларускай мовы і нашай актуальнай літаратуры. Так бы мовіць, здаецца іспыт на сталасць як асобных паэтаў, так і ўсёй беларускай паэзіі ў цэлым. Раней ужо разглядаліся спробы пераасэнсаваць рускага паэта-футурыста, якія рабіліся Віталём Рыжковым і Ўладзем Лянкевічам.

На апошнім паседжанні Майстэрні “сваім” Маякоўскім “падзяліўся” паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч. Як і ягоныя калегі, ён сканцэнтраваўся збольшага на творчасці ранняй, найменш ідэалагізаванай і найменш прасякнутай рэвалюцыйнай рыторыкай, але найбольш эксперыментальнай і па-сапраўднаму рэвалюцыйнай, калі гаворка пра паэтычныя здабыткі. Хадановіч паказаў свой пераклад паэмы “Флейта-пазваночнік”, а таксама некалькіх знакавых вершаў 1914-1920 гг. Тэксты збольшага эпатажныя і правакатыўныя (“Наце!”, “Вам!”, “А ўсё-такі”), але ёсць і перадусім лірычныя, толькі гэта спецыфічны “новы лірызм” Маякоўскага, што не цураецца празаізмаў і нават натуралізму (знакаміты верш “Паслухайце!”), смелай суб’ектыўнай метафорыкі, якая збліжае рускага паэта з іншымі геніяльнымі еўрапейскімі мадэрністамі (напрыклад, з Лоркам, як у вершы 1920 г. “Гора”). Беларускі перастваральнік сыходзіў не столькі з даслоўнага зместу арыгіналаў, колькі з жадання захаваць сродкамі сваёй мовы і культуры самі паэтычныя прыёмы Маякоўскага, адтварыць, наколькі гэта магчыма, яго аўтарскую стылістычную манеру, прынцыпы “працы” са словам і паэтычным вобразам. А ці ўдалося гэта, хай мяркуе чытач – на падставе колькіх прыкладаў, што прыводзім ніжэй.


Наце!

Праз гадзіну па адным у чысты завулак
брудным тлушчам адсюль пацячэце назад.
А я паадчыняў вам столькі вершаў-шкатулак,
я – бясцэнных слоў мантач і магнат.

Вось вы, мужчына – з вусамі ў капусце
недаператраўленай, як вашае жыццё;
вось вы, жанчына – з пудраю ў найгусцейшым гусце,
вустрыцаю з ракавіны рэчаў гледзіцё.

Будзеце на мятліка паэтавага сэрца,
брудныя, грувасціцца ў галёшах і без галёш,
па адным і дзікай зграяй, з перцам і з імберцам –
ашчацініць ножкі стагаловая вош.

Ды абрыдне сёння мне, грубаму гуну,
вам на смех крыўляцца, грымасячы плач, –
і я зарагачу ды радасна плюну,
плюну ў твар вам
я – бясцэнных слоў магнат і мантач.

1914

Арыгінал


А ўсё-такі

Вуліца правалілася, нібы нос сіфілітыка.
Рака – юрлівай слінай па летнім чэраве.
Зняўшы бялізну аж да апошняга лісціка,
пахабна сады разваліліся ў чэрвені.

Я выйшаў на плошчу,
спалены сквер
надзеў на голаў, як рыжы парык.
Людзі жахаюцца: рот мой – ашчэр,
дзе б’ецца нагамі непражаваны крык.

Але не асудзяць, не скажуць “камедыя”.
Як прароку, кветкамі ўсцелюць мне след.
Бо кожны правалены нос добра ведае:
я – ваш паэт.

А калі суд ваш страшны – не п’яныя чуткі,
праз агонь і руіны з чорнымі зданямі,
як святыню, мяне на руках панясуць прастытуткі
і пакажуць богу ў сваё апраўданне.

І бог заплача над вершам, заахае:
не словы – у горле зліпаюцца курчы!
І пабяжыць па небе з кніжкай маёй падпахаю,
і будзе чытаць знаёмым, нервова курачы.

1914

Арыгінал


Паслухайце!

Паслухайце!
Калі зоркі запальваюць –
значыць – гэта камусьці патрэбна?
Значыць – камусьці важна, каб зоркі былі?
Значыць – хтось называе тыя плявочкі
срэбнымі?
І праз завеі пылу паўднёвай зямлі
ірвецца –
баіцца спазніцца –
да бога,
плача,
цалуе яму жылістыя рукі,
просіць абавязкова –
хоць зорку для неба сляпога! –
клянецца –
не вынесе гэтай бяззорнай мукі!
А потым
ходзіць трывожна,
але трываючы вусціш.
Некаму кажа:
“Цяпер не страшна?
Не горка?
Болей святла?”
Паслухайце!
Калі зоркі запальваюць –
значыць –
гэта патрэбна камусьці ж?
Значыць – яно неабходна,
каб кожны вечар
над дахамі
хоць бы адзіная зорка была?!

1914

Арыгінал


Вам!

Вам, што пражываеце за оргіяй оргію,
маеце ванну й клазет з падагрэвам!
Над газетай – з прадстаўленымі да Георгія –
сорам вачэй не дзярэ вам?!

Вам, што пілі раскошу нагбом бы,
помнячы войны толькі з падручніка, –
лепей не ведаць, як вырвала бомбай
ногі ў Пятрова паручніка!..

А калі б ён, прыведзены на забой,
раптам убачыў, зранены,
як вы перапэцканай у катлеце губой
юрліва падпяваеце Севяраніну!

Ці вам, бяздарным, ласым да блуду,
жыццё аддаюць ахвяры?!
Я лепей ваду ананасную буду
блядзям падаваць у бары!

1915

Арыгінал


Гора

Марна біўся аб вечар
вецер нечалавечы.
Кроплі крывавым рэхам
мацалі гонту стрэхам.
І аўдавелая ўночы
поўня пайшла адзіночыць.

1920

Арыгінал

“Бясцэнных слоў мантач і магнат”: яшчэ раз пра Маякоўскага

“Бясцэнных слоў мантач і магнат”: яшчэ раз пра Маякоўскага

“Бясцэнных слоў мантач і магнат”: яшчэ раз пра Маякоўскага