» » “Цярпець гарачыню яго святла…”: Уільям Блэйк у беларускіх перакладах

“Цярпець гарачыню яго святла…”: Уільям Блэйк у беларускіх перакладах


Апошняе паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні сабрала аматараў Уільяма Блэйка, геніяльнага ангельскага паэта, мастака і візіянера.

Поўным ходам ідзе падрыхтоўка кнігі Блэйкавай выбранай лірыкі, што неўзабаве з’явіцца пад адной кніжнай вокладкай у серыі “Паэты планеты” ў выдаўца Змітра Коласа. Да працы над томікам далучыліся паэты-перакладчыкі Лявон Баршчэўскі, Антон Францішак Брыль, Ганна Янкута, Ірына Паўловіч і Ўладзь Лянкевіч. Трое апошніх паказалі калегам па Майстэрні свае пераклады, прычым калі Ўладзь Лянкевіч ужо колькі гадоў сістэматычна працуе над сваім бачаннем Блэйка (і дасягненні відаць няўзброеным вокам!), то для Ірыны Паўловіч колькі спробаў перастварыць Блэйка – перакладчыцкі дэбют, з якім нельга яе не павіншаваць. Прыводзім невялічкую падборку з разгляданых на паседжанні вершаў, што паказвае разнастайнасць падыходаў кожнага перакладчыка да сваёй задачы, але і характіэрная паэтыка Блейка пазнаецца ў кожнай беларускай версіі.


Маленькі бадзяга
(The Little Vagabond)


Матуля, матуля, я змёрз у царкве,
А ў нашай карчомцы надзея жыве,
Бо там на падносах – ратунак для босых,
Такога ніколі не будзе ў нябёсах.

Калі б у царкве ў кубкі піва цякло,
Каб сэрцам здалелі адчуць мы цяпло,
Быў кожны б да ночы маліцца ахвочы –
Ніхто гэткі храм пакідаць не захоча.

Святар будзе піць і малітвы чытаць,
І сыдзе на нас, птушанят, любадаць,
Пабожныя ж цёткі, іх пост і іх плёткі
Не будуць маячыць над лёсам сіроткі.

І Бог, быццам бацька, з пяшчотай зірне
На чадаў шчаслівых Cваіх, на мяне,
Шатана-п’янюгу абдыме, як друга,
І будзе дзяліць з ім віно і дзяругу.

Пераклала Ганна Янкута




Усмешка
(The Smile)


Бывае ўсмешка Любові
І бывае ўсмешка Маны.
А ёсць і Ўсмешка Ўсмешак,
Дзе сыходзяцца разам яны.

Бывае Грымаса Нянавісці
І бывае Грымаса Пагарды.
А ёсць Грымаса Грымасаў –
Якую б забыцца быў рады.

Яна ў сарцавіне сэрца,
У мозгу костак, з крывёй,
І, мабыць, толькі аднойчы
Ўсміхнуцца здолееш ёй –

Усмешкай, якая раптам
Між калыскай і дамавінай
На твары ўсплыве і ўмомант
Пазбавіць пакуты й правіны.

Пераклала Ірына Паўловіч




Чарнаскуры хлопчык

(The Little Black Boy)


Я нарадзіўся там, дзе дзікі поўдзень,
Сам чорны я, ды белы у душы.
Ангельскі хлопчык – бы анёл Гасподзень,
А я – нібы хтось сонца затушыў.

Мяне пад дрэвам маці цалавала
На золку, покуль не ўсхадзіўся сквар,
Брала на рукі й гэтак навучала
Да ўсходу горда павярнуўшы твар:

"Сынок, ты бачыш вунь устала сонца,
Дае святло й цяпло – там Бог жыве.
Людзей, звяроў і кветак абаронца,
З ягонай ласкі свет у харастве.

Мы на зямлю пасланыя вучыцца,
Трываць яго любові прамяні.
А ў целах чорных мы нібы ў вязніцы,
За шатамі, або ў лясным цяні.

Калі навучацца нарэшце душы
Цярпець гарачыню яго святла,
То шаты знікнуць, голас скажа: "Дружа,
Прыходзь гуляцца ля майго жытла".

Навука матчына не састарэла.
Калі мы вызвалімся з нашых шат –
Я з чорных, а ангельскі хлопчык з белых –
Бог прыме нас, як парачку ягнят.

Я захіну яго ад палкіх промняў,
Калі мы прыйдзем даць Айцу паклон,
Ён не прывык. Цяпер яму я роўня,
На гэты раз мяне палюбіць ён.

Пераклаў Уладзь Лянкевіч



“Цярпець гарачыню яго святла…”: Уільям Блэйк у беларускіх перакладах


“Цярпець гарачыню яго святла…”: Уільям Блэйк у беларускіх перакладах


“Цярпець гарачыню яго святла…”: Уільям Блэйк у беларускіх перакладах


“Цярпець гарачыню яго святла…”: Уільям Блэйк у беларускіх перакладах