» » Гурт “Гарадскі вал” выпусціў сінгл “Серабранка” на вершы Антона Рудака

Гурт “Гарадскі вал” выпусціў сінгл “Серабранка” на вершы Антона Рудака


“Гарадскі вал” пазіцыянуе сябе як гурт з выразна ўрбаністычным, нават менскім характарам. А таму паэзія Антона Рудака, натхнёная сталічнай гісторыяй, апынулася блізкая музыкам. У новы рэліз увайшлі дзве кампазіцыі: “Серабранка” і “Элвіс”.

Апроч вакаліста Рамана Абрамчука, у запісе сінгла ўзялі ўдзел Дзяніс Жураўлёў aka Груша (біт-бокс), Fryd (саксафон), Саша Карабань (бас-гітара, кантрабас), Ігар Адасік (перкусія) і Уладзь Пыльчанка (акардэон).

Малюнак для вокладкі рабіла мастак-іканапісец Ксіша Ангелава. “У нейкі момант скончыўся залаты фламастар, і прыйшлося карыстацца сапраўднай залатой фарбай для абразоў, класці залатую аснову і маляваць паверх яе. Начной падборкай шрыфтоў у такт новым трэкам займалася Юля Янюк-Казлоўская. Маліцца на вокладку не заклікаем, але нам верыцца, што і ў гэтай працы прысутнічае зорны пыл”, - распавядаюць музыкі.

Гурт не ўпершыню звяртаецца да беларускай паэзіі - у леташняй кружэлцы “Чалавечынка” ўжо былі песні на словы Антона Рудака, а таксама Наталлі Васілевіч і Змітра Захарэвіча.

Канцэртная прэзентацыя новага сінгла “Серабранка” і альбома адбудзецца 3 сакавіка ў кавярні “Грай” (уваход вольны).