» » Абвешчана журы Прэміі Цёткі 2019

Абвешчана журы Прэміі Цёткі 2019


Сталі вядомыя імёны сябраў журы Прэміі Цёткі 2019, якое будзе абіраць пераможцаў у намінацыях “Найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў” і “Найлепшае мастацкае афармленне кнігі”.

Літаратурнае журы

Андрэй Жвалеўскі — пісьменнік, сцэнарыст. У галіне літаратуры для дзяцей і падлеткаў вядомы кнігамі, напісанымі ў суаўтарстве з Яўгеніяй Пастэрнак ("Гімназія №13", серыя кніг "М+Ж").

Алена Казлова (Анка Упала) — пісьменніца, перакладчыца. Аўтарка кніг "Дрэва энталіпт" (2012) і "На заснежаны востраў" (2017). Перакладчыца кнігі для дзяцей Цімы Парвелы "Эла і сябры" (2017).

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская — перакладчыца шведскай дзіцячай літаратуры, дырэктарка выдавецтва "Коска". Перакладала кнігі пра Маму Му, Пэтсана і Фіндуса, Віту Белую Крэску, Ердзіс і інш.

Людміла Рублеўская — пісьменніца, паэтка, крытык, рэдактарка. Лаўрэатка прэміі "Залаты апостраф", Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, аўтар зборніка вершаў для дзяцей “Нататкі таткі”, за якую атрымаў прэмію "Кніга году 2016".

Мастацкае журы

Васіліса Паляніна — мастачка, ілюстратарка кніг і часопісаў, аўтарка ілюстрацый да “Казак” братоў Грымаў.

Валерый Славук — мастак, ілюстратар, педагог, прафесар, аўтар ілюстрацый да кніг “Піліпка-сынок”, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага, “Чароўны свет” і інш., лаўрэат шэрагу прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Спецыяльнай прэміі прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

Павел Татарнікаў — мастак-графік, кніжны ілюстратар, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пераможца шматлікіх конкурсаў і прэмій, лаўрэат Прэміі Цёткі за мастацкае афармленне кнігі Уладзіміра Арлова "Айчына: маляўнічая гісторыя".

У кожнай намінацыі будзе вызначацца адзін пераможца, які атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$. Падаць кнігу на прэмію можна да 31 студзеня 2019 года праз афіцыйны сайт ciotka.by.

Прэмія была заснаваная ў 2015 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Папярэднія пераможцы прэміі: Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі “Сем ружаў”, і Кацярына Дубовік — яе ілюстратарка, а таксама Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі", Валер Гапееў за кнігу "Мая мілая ведзьма" і Лізавета Лянкевіч за афармленне "Азбукі" Рыгора Барадуліна.