» » Міжнародны ПЭН патрабуе зняць празмерныя абвінавачванні супраць каталонскіх палітыкаў

Міжнародны ПЭН патрабуе зняць празмерныя абвінавачванні супраць каталонскіх палітыкаў


Іспанскія ўлады мусяць зняць празмерныя абвінавачванні ў падрыхтоўцы мяцяжу і непадпарадкаванні ўладам, высунутыя супраць Жордзі Санчаса і Жордзі Куішара, і неадкладна выпусціць іх з турмы напярэдадні судовага працэсу, які мусіць пачацца ў наступным месяцы. З такой заявай выступіў сёння Міжнародны ПЭН. Каталонскія пісьменнікі і лідэры грамадзянскай супольнасці ўжо больш за год знаходзяцца пад вартай і ў выпадку прызнання іх віны ім пагражае да 17 гадоў турэмнага зняволення.

Жордзі Санчас і Жордзі Куішар былі арыштаваныя 16 кастрычніка 2017 года па абвінавачванні ў падрыхтоўцы мяцяжу. У сакавіку 2018 года да гэтага дадалося новае – ў непадпарадкаванні ўладам. Іх вінавацяць у закліках да пратэстоўцаў сабрацца перад ўрадавымі будынкамі ў Барсэлоне 20 і 21 верасня 2017 года, каб перашкодзіць правядзенню пошукаў выбарчых матэрыялаў і “заахвоціць, падтрымаць і ўзначаліць” мяцеж праз удзел у рэферэндуме за незалежнасць Каталоніі 1 кастрычніка 2017 года, нягледзячы на тое, што Канстытуцыйны суд Іспаніі спыніў дзеянне каталонскага закону аб рэферэндуме.

Абвінаваўцы патрабуюць 17 гадоў турэмнага зняволення за непадпарадкаванне ўладам паводле артыкулаў 472.1, 472.5, 472.7, 473.1 і 478 Крымінальнага кодэксу Іспаніі і 8 гадоў за заклікі да мяцяжу паводле артыкулаў 544 і 545 Крымінальнага кодэксу.

“Абвінавачванні ў закліку да мяцяжу і непадпарадкаванні ўладзе, высунутыя супраць Жордзі Санчаса і Жордзі Куішара, відавочна перабольшаныя і мусяць быць неадкладна знятыя, – заявіла Джэніфер Клемент, прэзідэнтка Міжнароднага ПЭНа. – Яны абодва заклікалі дэманстрантаў да мірных дзеянняў, як ясна сведчыць абвінаваўчы акт у справе Жордзі Куішара”.

Нягледзячы на падачу некалькіх петыцый пра вызваленне, Жордзі Санчас і Жордзі Куішар застаюцца за кратамі ўжо больш за год. У снежні 2018 года Жордзі Санчас і яшчэ тры зняволеныя каталонскія лідэры абвесцілі галадоўку на знак пратэсту супраць знаходжання за кратамі, абвінавачваючы іспанскі Канстытуцыйны суд у наўмысным адхіленні іхніх зваротаў, каб не даць магчымасці іх справам трапіць у Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Разам з іншымі праваабарончымі арганізацыямі Міжнародны ПЭН лічыць, што працяглае перадсудовае зняволенне Жордзі Санчаса і Жордзі Куішара – гэта празмернае і непрапарцыйнае абмежаванне іх правоў на свабоду слова і мірных сходаў, і заклікае да іх тэрміновага вызвалення.

Больш інфармацыі пра справу Жордзі Санчаса і Жордзі Куішара шукайце па спасылцы.