» » “Мой дар і спеў прыняць прашу”: санеты Міцкевіча і іх перакладчык

“Мой дар і спеў прыняць прашу”: санеты Міцкевіча і іх перакладчык


24 снежня 2018 года споўнілася б 220 гадоў Адаму Міцкевічу (1798–1855), геніяльнаму польскаму творцу, месцам нараджэння, крыніцамі натхнення і матывамі сваёй паэзіі шчыльна звязанаму з Беларуссю. Літаральна за некалькі дзён да юбілею ў серыі “Паэты планеты” выйшаў зборнік лірыкі паэта: Адам Міцкевіч. Выбраныя вершы.

“Адам Міцкевіч, – напісана на вокладцы зборніка, – стаў першым народжаным на беларускай зямлі паэтам, творчасць якога займела еўрапейскую і сусветную вядомасць. У гэтай кнізе сабраныя паэтычныя творы, якія найлепшым чынам прэзентуюць яго лірычную спадчыну. Большасць з іх падаецца ў новых або нанова адрэдагаваных сучасных перакладах”. Інакш кажучы, у кнізе няма перакладаў Уладзіміра Жылкі, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна ды іншых нашых памерлых класікаў, затое жывыя літаратары мелі магчымасць падрыхтаваць новыя пераклады або спецыяльна адрэдагаваць свае старыя для гэтага выдання. У зборнік увайшлі пераклады Ірыны Багдановіч, Лявона Баршчэўскага, Сержа Мінскевіча, Васіля Сёмухі, Міхася Скоблы і Кастуся Цвіркі.

Адзін з “матораў” гэтай каманды, што перастварыў для згаданага выдання немалую частку вершаў польскага класіка, Серж Мінскевіч, завітаў на Перакладчыцкую Майстэрню як спецыяльны госць, і ва ўласцівай сабе экспрэсіўнай, артыстычнай манеры прачытаў невялічкую лекцыю пра свае перакладчыцкія прыгоды з Міцкевічам, а таксама прадставіў для разбору свае пераклады некалькі “адэскіх” санетаў вялікага рамантыка.

Серж сфармуляваў прысутным колькі “загадак”, якія ён “развязваў”, перакладаючы прадстаўленыя санеты. Першыя дзве звязаныя з тым, што міцкевічаўскія творы былі натхнёныя італьянскім паэтам Франчэскам Петраркам і непасрэдна звязаныя з яго санетнымі першаўзорамі. (Настолькі, што ў некаторых краінах, публікуючы Міцкевіча, выдаўцы нават проста заступаюць яго адпаведнымі санетамі Петраркі ў перакладах на свае мовы.) Разам з тым, адпаведна канонам ХІХ стагоддзя, польскі паэт рабіў не столькі дакладныя пераклады, колькі вольныя “пераспевы”, таму ягоныя санеты, захоўваючы досыць блізкую сэнсавую сувязь з петраркаўскімі вершамі, пры гэтым цалкам укладаюцца ў міцкевічскую паэтыку – і патрабуюць перакладаў менавіта тэксту Міцкевіча (хоць узгодніць іх з італьянскім тэкстам, безумоўна, таксама карысна). Мяркуйце самі, вось санет “З Петраркі”:

Chcecie wiedzieć, co cierpię, rówiennicy moi? 
Odmaluję najwierniej, ile pióro zdoła. 
Mary ja dotąd pośród pamiątek kościoła 
Myślą gonię i duch mój o przeszłości roi. 
  
Tu zwykła igrać, ówdzie zamyślona stoi, 
Tam z niechęcią twarz kryła, tu mię okiem woła, 
Tu gniewna, tam posępna, tu znowu wesoła, 
Tu swe lica w łagodność, tu w powagę stroi. 
  
Tam piosenkę nuciła, tu mi dłoń ścisnęła, 
Tu usiadła, tam naszej rozmowy początek.
Stąd biegła, tu na piasku imię moje kryśli,
 
Tam słówko powiedziała, tu z cicha westchnęła,
Tam się zarumieniła – ach! śród tych pamiątek
Wiecznie miota się serce i plączą sie myśli.

Нескладана заўважыць, што італьянскі 11-складовік перадаецца “фірмовым” польскім 13-складовікам. Да таго ж, там, дзе італьянскі класік “зашыфроўвае” ў тэксце імя сваёй музы Лаўры (l’aura mi volve), у польскім творы чытаем “Mary ja”, што празрыста намякае на імя “Марыя” – і патрабуе адпаведнай стратэгіі ад беларускага перакладчыка.

Равеснікі, паведаць пра маё цярпенне?
Ва апішу ўсё, толькі ці пяро тут здольна...
Лаўлю дагэтуль мары я ў смузе касцёльнай,
І дух мой парывае ў прошлыя імгненні.

Тут забаўлялася, там – стала ў задуменні,
Тут захінала твар, там глянула свавольна,
Смяецца тут ад нашай гутаркі супольнай,
Разгневалася там, тут хмурыцца ў сумненні.

Там песеньку спявала, тут далонь кранула,
Тут села важная, там поўная загадак,
Маё імя тут крэсліць ля азёрнай шумкі.

Тут мне сказала слоўка, там пасля ўздыхнула,
Тут зарумянілася... ах, спаміж тых згадак
Блукае сэрца вечна, блытаюцца думкі.

У санеце “Данаіды” галоўнай праблемай стала сэнсавая “расшыфроўка” другога радка:

Płci piękna! gdzie wiek złoty, gdy za polne kwiaty,
Za haftowane kłosem majowe sukienki,
Kupowano panieńskie serduszka i wdzięki,
Gdy do lubej gołębia posyłano w swaty?
 
Dzisiaj wieki są tańsze, a droższe zapłaty.
Ta, której złoto daję, prosi, o piosenki;
Ta, której serce daję, żądała mej ręki;
Ta, którą opiewałem, pyta, czym bogaty.
 
Danaidy! rzucałem w bezdeń waszej chęci
Dary, pieśni i we łzach roztopioną duszę;
Dziś z hojnego jam skąpy, z czułego szyderca.
 
A choć mię dotąd jeszcze nadobna twarz nęci,
Choć jeszcze was opiewać i obdarzać muszę,
Lecz dawniej wszystko dałbym, dziś wszystko – prócz serca.

У радку “Za haftowane kłosem majowe sukienki” ствараюць клопат перадусім два апошнія словы. “Тут, праўдападобна, – тлумачыць перакладчык, – май у значэнні – галінкі, дрэўцы; а слова сукенка – покрыва, абалонка – адсюль фраза азначае вышытыя коласам галінкавыя лісцікі (лісце дрэўцаў, дзе прожылкі нагадваюць вышыты колас); лісток ліпы ці іншых дрэваў, падобны да сэрца, закаханыя рвалі на дзве паловы і захоўвалі на памяць (напрыклад, так гэта апісана ў паэме Міцкевіча “Дзяды”)”.

О, пекная палова! Дзе ж век залаты?
Калі куплялі сэрцы й чараванне дзеваў
За краскі, за калоссем вышыты ўбор дрэваў,
Калі каханай слалі голуба ў сваты.

Цяпер таннейшы век, а кошт ва ўсім круты.
Той золата даю – не! пажадала спеваў;
Той сэрца даў – руку ўзяць поўная спадзеваў;
Апеў якую – шэпча: “Ці заможны ты?”

Вам кідаў, Данаіды, ў бездань хцівых мараў
Дар, спеў, растопленую – у слязах – душу,
Цяпер я для спагады й шчодрасці – блюзнерца,

Хоць і дагэтуль вабіць пекнасць вашых твараў,
Хоць і цяпер мой дар і спеў прыняць прашу;
Раней вам даў бы ўсё, і дам цяпер – без сэрца.

Няцяжка заўважыць, што другі радок арыгіналу ў перакладзе робіцца трэцім, а сам вобраз выглядае так: “за калоссем вышыты ўбор дрэваў”. Зразумела, што гэта толькі адна з магчымых інтэрпрэтацый, але выключаць яе цалкам не выпадае, і прысутныя не спрачаліся, прыняўшы на веру версію шаноўнага перакладчыка “Дзядоў”.

Больш гарачыя дыскусіі выклікалі справы метрыкі, пытанне найбольш адэкватнага перакладу польскай сілабікі, дакладней – класічнага 13-складовіка з цэзурай пасля 7 складу. У перакладах на рускую і ўкраінскую мову, а таксама ў некаторых беларускіх перакладах (Я.Семяжон і іншыя) пераважае такі падыход, калі польскі 13-складовік перакладаецца шасцістопным ямбам з абавязковай цэзурай пасля 6-га складу (з мужчынскай або дактылічнай клаўзулай). Серж Мінскевіч паспрабаваў адмовіцца ад гэтага, захоўваючы жаночую клаўзулу і цэзуру пасля 7-га радка – як у польскім арыгінале, каб наблізіць тэкст да сілабічнага гучання. Што праўда, на практыцы ўсё гэта выглядае не зусім паслядоўна – і ў некаторых радках санетаў перакладчык (відаць, інтуітыўна слухаючыся свайго пачуцця рытму) дае класічны “александрыйскі” шасцістопны ямб:

“Тут забаўлялася, // там – стала ў задуменні...”
“Тут захінала твар, // там глянула свавольна...”
“Разгневалася там, // тут хмурыцца ў сумненні...”
“Тут села важная, // там поўная загадак...”
(у санеце “З Петраркі”);

“Цяпер таннейшы век, // а кошт ва ўсім круты...”
“Той золата даю – // не! пажадала спеваў...”
“Той сэрца даў – руку // ўзяць поўная спадзеваў...”
“Хоць і цяпер мой дар // і спеў прыняць прашу...”
“Раней вам даў бы ўсё, // і дам цяпер – без сэрца...”
(у санеце “Данаіды”).

Што тут сказаць? Ёсць выпадкі, калі варта верыць не толькі тэарэтычнай канцэпцыі, з якой падыходзіш да перакладу, але найперш сваёй паэтычнай інтуіцыі.

“Мой дар і спеў прыняць прашу”: санеты Міцкевіча і іх перакладчык

“Мой дар і спеў прыняць прашу”: санеты Міцкевіча і іх перакладчык

“Мой дар і спеў прыняць прашу”: санеты Міцкевіча і іх перакладчык