» » “Хай радасць народзіцца ў спевах”: яшчэ раз пра пераклады песень

“Хай радасць народзіцца ў спевах”: яшчэ раз пра пераклады песень


На чарговым паседжанні Перакладчыцкай Майстэрні зноў, ужо другі раз у гэтым “сезоне”, адбылася размова пра пераклады песень. Некаторыя з іх разбіраліся як вершаваныя фрагменты вялікіх празаічных тэкстаў, іншыя былі прадстаўленыя як самастойныя творы.

Сустрэча адбывалася 14 снежня – і мадэратар Андрэй Хадановіч палічыў дарэчным згадаць адзін пакладзены на музыку паэтычны тэкст, натхнёны лёсам “дзекабрыстаў” ды іх жонак. Гаворка пра “Песню кавалергарда” Булата Акуджавы (музыка Ісака Шварца), што лейтматывам гучала ў культавым у свой час фільме Уладзіміра Матыля “Звезда пленительного счастья”:



Нядоўгі век кавалергарда,
таму й спакуслівы такі.
Сігналіць палкавая варта
і ўсё бліжэй звіняць клінкі.
Гітарны голас абарваны
і эскадроны ў бой пайшлі.
Не спакушайце сэрца панны
каханнем вечным на зямлі.

Дарэмна мірныя забавы
гарэзу мрояцца яшчэ.
Не адшукаць надзейнай славы,
пакуль крыві не пацячэ.
Пакаштаваць нябеснай манны
зямныя справы не далі.
Не спакушайце сэрца панны
каханнем вечным на зямлі.

Цячэ шампанскае ракою
і хмель гуляе малады,
і ўсё нібыта пад рукою,
і ўсё нібыта назаўжды.
Чыгунны крыж ці крыж драўляны
чакаюць моманту, калі…
Не спакушайце сэрца панны
каханнем вечным на зямлі.


Ладная частка паседжання была прысвечаная культаваму пісьменніку Дж.Р.Р.Толкіену, некалькі “песенных” фрагментаў з твораў якога прадставілі адно аднаму і абмеркавалі беларускія перакладчыкі. Кацярына Маціеўская паказала “Трэцюю песню эльфаў Рывендэла” з “Хобіта”:

Sing all ye joyful, now sing all together!
The wind's in the tree-top, the wind's in the heather,
The stars are in blossom, the moon is in flower,
And bright are the windows of Night in her tower.

Dance all ye joyfull, now dance all together!
Soft is the grass, and let foot be like feather!
The river is silver, the shadows are fleeting;
Merry is May-time, and merry our meeting.

Sing we now softly, and dreams let us weave him!
Wind him in slumber and there let us leave him!
The wanderer sleepeth. No soft be his pillow!
Lullaby! Lullaby! Alder and Willow!

Sigh no more Pine, till the wind of the morn!
Fall Moon! Dark be the land!
Hush! Hush! Oak, Ash and Thorn!
Hushed be all water, till dawn is at hand!


Перакладчыца дала рады не абы-якому англійскаму гукапісу, захаваўшы яго і ў беларускай версіі. Яго, а таксама ўсе рытмічныя перабіўкі, складаныя рыфмы і іншыя аздобы, уласцівыя паэтыцы Толкіена:

Спявайма, хай радасць народзіцца ў спевах.
У верасе вецер і вецер у дрэвах,
І зоркі палаюць у кветках так ярка,
І свеціцца вежа, дзе Ноч — уладарка.

Затанчым, хай танчыць між нас сёння кожны.
Тут мяккія травы, ступай асцярожна.
Рака серабрыцца, трапеча цямрэча —
І май гэты шчасны, і наша сустрэча.

Спявайма цішэй, адступаючы ўпотай:
Хай вецер яго спавівае дрымотай.
Нялёгкі быў шлях, адаспацца цяпер бы.
Люляйце вандроўніка, вольхі і вербы.

Сасна, не шапчы, не ўздыхай здалёк!
Глог, спі! Ясень, застынь!
Месяц, схавайся, хай будзе змрок!
Да самага ранку спыніся, плынь!


Перакладчыца Ганна Янкута прадставіла калегам іншы фрагмент з “Хобіта”, але таксама спеў і таксама эльфійскі – “Першую песню эльфаў Рывендэла”:

O! What are you doing,
And where are you going?
Your ponies need shoeing!
The river is flowing!
O! tra-la-la-lally
here down in the valley!

O! What are you seeking,
And where are you making?
The faggots are reeking,
The bannocks are baking!
O! tril-lil-lil-lolly
the valley is jolly,
ha! ha!

O! Where are you going
With beards all a-wagging?
No knowing, no knowing
What brings Mister Baggins,
And Balin and Dwalin
down into the valley
in June
ha! ha!

O! Will you be staying,
Or will you be flying?
Your ponies are straying!
The daylight is dying!

To fly would be folly,
To stay would be jolly
And listen and hark
Till the end of the dark
to our tune
ha! ha!


Пераклад такога твору патрабаваў захавання лёгкасці і гарэзлівасці настрою, музычнасці і дабрадушнага гумару, з чым перакладчыца паспяхова справілася, уштукаваўшы ў беларускі тэкст сімпатычны рэфрэн, а дзе трэба – нават памяняўшы дзеля вымог рыфмавання імёны гномаў (але ўзяўшы іх з таго самага вандроўнага таварыства, так што верш ад гэтай працэдуры ніяк не пацярпеў).

О, хто там у спешцы
Адольвае мілі?
А поні на сцежцы
Падковы знасілі –
Тра-ля-ля-ля-ліне –
У нашай даліне!

О, хто гэта скача
І скуль вы ўзяліся?
Палае ламачча,
Блінцы дапякліся!
Тра-ла-ла-ла-ліну –
Давайце ў даліну!
Ха-ха!

Бароды, куды вы?
Зварочвайце ў госці!
Ваш Бэгінс маўклівы
Схаваў ад вас штосьці.
А Оры і Норы
Сабраліся ў горы
У чэрвені –
Ха!

Вам трэба спыніцца –
Ці клічуць вас гоні?
У небе – зарніцы,
Стаміліся поні!

Ноч – цяжкая справа,
Прыстанак – забава!
Давайце да ранку
На нашу гулянку –
Мы будзем спяваць!
Ха-ха-ха!


Апроч песенек з “Хобіта”, на Майстэрні прагучалі і пару вершаваных фрагментаў з “Валадара пярсцёнкаў”. Асаблівай увагі заслугоўвае “Заклён пярсцёнка”, бадай што самая знакамітая паэтычная цытата з рамана:

Three Rings for the Elven-kings under the sky,
Seven for the Dwarf-lords in their halls of stone,
Nine for Mortal Men doomed to die,
One for the Dark Lord on his dark throne
In the Land of Mordor where the Shadows lie.
One Ring to rule them all, One Ring to find them,
One Ring to bring them all and in the darkness bind them
In the Land of Mordor where the Shadows lie.


Кацярына Маціеўская перадала па-беларуску фармальныя асаблівасці арыгіналу, яго ўрачыста-трывожны настрой і “магічную” структуру. Думаецца, патэнцыйным выдаўцам трохтомніка будзе што змясціць на вокладцы.

Тры пярсцёнкі — для эльфаў, што бачылі золак дзён,
Сем — для гномаў у гордай горнай аслоне.
Дзевяць — людзям, чый кон — непазбежны скон,
І адзін — для чорнага ўладцы на чорным троне
Там, у Мордары мёртвым, дзе царства ценяў здавён.
Той пярсцёнак збярэ ўсіх, і звяжа, і ўсцяж запануе,
І нарэшце навечна зацягне у цемру начную
Там, у Мордары мёртвым, дзе царства ценяў здавён.


Тэма цёмных сіл прагучала на Майстэрні прынамсі яшчэ адзін раз, калі Андрэй Хадановіч прадставіў шведскую народную песню “Hårgalåten”, дзе адлюстраваны вядомы фальклорны матыў скрыпача, які зачароўвае ўсіх жыхароў вёскі так, што яны танчаць і не могуць спыніцца, пакуль не гінуць, бо грае ім сам д’ябал:



Песня была перакладзеная на замову для сёлетняга Дня Швецыі і ўпершыню прагучала ў Мінску 2 чэрвеня ў выкананні Сяржука Доўгушава і яго “Спеўнага сходу”. Перакладчык расказаў, што, апроч усёй іншай магіі ў песні, быў уражаны вобразам “скрыні”, з якой дастаецца чарадзейны інструмент. Вобраз паўтараецца ў арыгінале неаднойчы – і дае падставу для невялікай паэтычнай вольнасці ў фінале перакладу, дзе смерць ахвяраў танцу таксама прадстаўляецца як іх збіранне ў “скрыню”:

Скрыпку музыка ўзяў са скрыні,
Узняў вышэй, да сонечных праменняў.
І кожны танчыць у даліне,
Забыўшы Бога і збавенне.

Танчыць вёска, лес і горы,
Пачакай, музыка, быць бядзе!
Сцерлі боты ўжо танцоры,
А струна гудзе, бы ў рай вядзе.

Скуль ты прыйшоў да нас, блюзнерца?
Хто скрыпку даў табе, яшчэ пытанне!
Змоўкні, бо разарвецца сэрца!
Глядзі, ды ён жа з капытамі!
 
Бацька і маці Бога моляць,
Званы на мшу склікаюць у даліне.
Ды не спыняе танцу моладзь,
Бо смык музыка ўзяў са скрыні.

Плача скрыпка, смык іграе,
Пачакай, музыка, я прашу!
Ў гэтай песні столькі раю,
Што нядоўга загубіць душу!

Змоўкні, музыка-ашуканец,
Душа і цела ў скрыпцы тваёй гіне.
Не, ён не скончыць гэты танец,
Пакуль не ўсіх схаваў у скрыні!


“Хай радасць народзіцца ў спевах”: яшчэ раз пра пераклады песень

“Хай радасць народзіцца ў спевах”: яшчэ раз пра пераклады песень