» » Дзень Пісьменніка ў Няволі (2018)

Дзень Пісьменніка ў Няволі (2018)


15 лістапада ПЭН-цэнтры па ўсім свеце адзначаюць Дзень пісьменніка ў няволі. Кожны год, пачынаючы з 1981-га, Міжнародны ПЭН абірае некалькі пісьменнікаў ці пісьменніц, якія зазнаюць пагрозы, напады, зняволенне, а часам і смерць, папросту карыстаючыся сваім правам на свабоду выказвання. ПЭН звяртаецца да грамадскасці з заклікам зрабіць пэўныя захады для паляпшэння іхняга становішча.

Сёлета асаблівая ўвага надаецца забітай у 2017 годзе мексіканскай журналістцы Міраславе Брыч Велдусэа. Акрамя гэтага, яшчэ чатыры справы пісьменнікаў і журналістаў заслугоўваюць пільнай увагі і неадкладных дзеянняў з боку грамадскасці.

Давіт Ісаак – пісьменнік і журналіст з Эрытрэі;
Міраслава Брыч Велдусэа – журналістка з Мексікі;
Алег Сянцоў – пісьменнік і кінарэжысёр з Украіны;
Ваэль Абас – пісьменнік і актывіст з Егіпту;
Шахідул Алам – пісьменнік, фатограф і актывіст з Бангладэш.

Яшчэ адна акцыя, якую Міжнародны ПЭН праводзіць з 1980-х гадоў, мае назву “Пустое крэсла”. Штогод падчас мерапрыемстваў, прысвечаных Дню пісьменніка ў няволі, пустое крэсла сімвалізуе канкрэтнага пісьменніка ці пісьменніцу, якія спазналі на сабе пераслед і зняволенне і праз гэта не здольныя прысутнічаць на мерапрыемстве побач са сваімі калегамі і каляжанкамі.

Вось тыя смелыя пісьменнікі і пісьменніцы, на якіх сёлета звяртае ўвагу Міжнародны ПЭН:


Давіт Ісаак – вядомы шведска-эрытрэйскі пісьменнік і журналіст, які ўжо 17 гадоў знаходзіцца ў зняволенні ў Эрытрэі. Ісаак быў адным з некалькіх журналістаў, арыштаваных падчас дзяржаўнага ўціску свабоды слова ў СМІ і палітцы. На дадзены момант пра яго стан і месцазнаходжанне мала што вядома. Хаця ў 2016 годзе міністр замежных справаў Эрытрэі заявіў у інтэрв’ю, што ўсе журналісты і палітыкі, арыштаваныя ў 2001, усё яшчэ жывыя, у тым ліку і Ісаак, аднак ніякіх пацверджанняў гэтаму няма. Гэтаксама мала вядома пра абвінавачванні, якія былі высунутыя супраць Давіта Ісаака і іншых зняволеных; паводле міністра замежных справаў, арыштаваных дапытаюць, “калі гэта вырашыць урад”. У 2017 годзе Давіт Ісаак быў узнагароджаны Суветнай прэміяй ЮНЭСКА/Гільерма Кана.

Міраслава Брыч Велдусэа, мексіканская журналістка, была забітая некалькімі стрэламі ў галаву непадалёк ад свайго дома ў Чыўаўа 23 сакавіка 2017 года. 54-гадовая журналістка была добра вядомая сваімі рэпартажамі на палітычныя і сацыяльныя тэмы, часта звяраталася да праблемаў карупцыі. Яна працавала карэспандэнткай у нацыянальнай газеце “La Jornada”, пісала таксама для некаторых іншых выданняў. Яе апошнія артыкулы былі прысвечаныя сувязям мясцовых палітыкаў і наркакартэляў. Незадоўга да свайго забойства яна вяла расследаванне выпадкаў карупцыі. Федэральны спецпракурор па расследаванні злачынстваў супраць свабоды слова распачаў справу ў сувязі з яе забойствам.

Мексіка застаецца адной з самых небяспечных краінаў для журналісцкай працы, як найменей 96 пісьменнікаў і журналістаў былі забітыя тут з 2004 года, яшчэ 11 дагэтуль лічацца зніклымі. У 2018 годзе па стане на сённяшні дзень было забіта 6 журналістаў у розных штатах Мексікі. Раследаванне толькі малой колькасці з іх было праведзена на належным узроўні. У выпадку, калі справы былі даведзеныя да суду, зусім нямногія з іх сканчаліся прыцягненнем да адказнасці замоўнікаў забойстваў. Беспакаранасць такіх злачынстваў дазваляе гэтаму заганнаму колу гвалту круціцца і далей. А пісьменнікі і журналісты сутыкаюцца з вялікай рызыкай, зазнаючы пагрозы смерцю, напады і судовыя пераследы, усяго толькі карыстаючыся сваім неад’емным правам на свабоду слова.

Алег Сянцоў, украінскі пісьменнік, адбывае 20-гадовы турэмны тэрмін па ілжывым абвінавачванні ў тэрарызме пасля грубага, несправядлівага разгляду ягонай справы расійскім ваенным судом, азмрочанага пагрозамі катаванняў.

На дадзены момант яго ўтрымліваюць у папраўчай калоніі “Белы мядзведзь” у Лабытнангі, у Сібіры, за тысячы кіламетраў ад дому і сям’і, якая знаходзіцца ў Крыме. Нядаўна ён перажыў 145 дзён галадоўкі, заклікаючы да вызвалення ўсіх украінцаў, зняволеных у Расіі па палітычных матывах. Ён скончыў пратэст 6 кастрычніка 2018 года, асцерагаючыся прымусовага кармлення.

Міжнародны ПЭН лічыць, што Алег Сянцоў быў зняволены за сваю апазіцыйнасць у дачыненні да расійскай акупацыі і незаконнай “анэксіі” Крыму і заклікае расійскія ўлады неадкладна вызваліць яго. Арганізацыя таксама заклікае расійскія ўлады паважаць правы чалавека Алега Сянцова, уключна з забаронай на катаванні і іншае жорсткае абыходжанне, а таксама права на медычнае абслугоўванне.

Міжнародны ПЭН рашуча асуджае незаконны арышт Ваэля Абаса, выбітнага егіпецкага пісьменніка і палітычнага дзеяча, шырока вядомага асвятленнем супрацьпраўных дзеянняў егіпецкіх органаў бяспекі. У маі 2018 года ўзброеная паліцыя ўварвалася ў яго дом і, завязаўшы вочы, арыштавала яго. Абасу высунутыя абвінавачванні ва “ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі для дасягнення сваіх мэтаў”, “распаўсюдзе непраўдзівых навінаў” і “выкарыстанні інтэрнэту з мэтай прапаганды ідэалогіі тэрарыстычнай арганізацыі”. З моманту ягонага арышту 24 мая 2018 года тэрмін дасудовага зняволення Абаса быў неаднаразовы працягнуты егіпецкімі органамі юстыцыі. 16 кастрычніка 2018 года Крымінальны суд Каіра павялічыў ягонае зняволенне яшчэ на 45 дзён для далейшага расследавання.

Міжнародны ПЭН лічыць, што абвінавачванні супраць Абаса звязаныя з яго мірным актывізмам і тэкстамі, якія крытыкуюць егіпецкі ўрад. Міжнародны ПЭН заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Абаса і зняцця ўсіх абвінавачванняў. ПЭН таксама заклікае ўлады Егіпту вызваліць усіх тых, хто ўсяго толькі карыстаўся сваімі правамі на свабоду выказвання, асацыяцый і сабранняў, уключна з журналісцкай і праваабарончай працай.

Шахідул Алам, знакаміты фатограф, пісьменнік і актывіст быў затрыманы ў сваім доме ў Дацы, сталіцы Бангладэшу, уначы 5 жніўня 2018 года паліцэйскімі ў цывільным. Незадоўга да свайго арышту ў інтэрв’ю навінаваму агенству “Аль Джазіра” Алам раскрытыкаваў дзеянні ўладаў адносна студэнцкіх дэманстрацый, галоўным патрабаваннем якіх было удасканаленне правілаў дарожнага руху пасля таго, як 29 ліпеня двое падлеткаў былі забітыя аўтобусам, што ехаў з перавышэннем хуткасці. Рэакцыяй уладаў на пратэсты было распыленне слёзатачывага газу і расстрэлу гумовымі кулямі дэманстрантаў, сотні з якіх былі параненыя.

6 жніўня Алама прывезлі ў ніжэйшы суд Дакі, дзе яму былі прад’яўленыя абвінавачванні ў “выказванні правакатыўных каментароў” і “прадастаўленні непраўдзівай інфармацыі” СМІ паводле артыкулу 57 драконаўскага закона Бангладэшу аб інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях. Артыкул 57 моцна крытыкуюць за абмежаванне свабоды выказвання, якое прывяло да цэлага шэрагу арыштаў у краіне.

Алам публічна заявіў пра катаванні падчас яго зняволення, але ў выхадзе з-за кратаў пад заклад яму адмовілі. Калі 64-гадовы Шахідул Алам будзе прызнаны вінаватым, яму пагражае ад 7 да 14 гадоў турмы. Сям’я і сябры, якія наведвалі Алама ў вязніцы, выказваюць занепакоенасць пагаршэннем стану ягонага здароўя. Міжнародны ПЭН верыць, што Алам знаходзіцца ў турме выключна праз рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання і заклікае ўлады Бангладэша неадкладна і безумоўна вызваліць фатографа і актывіста.

Беларускі ПЭН-цэнтр пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь запрашае на прагляд фільма “Працэс”, які адбудзецца 15 лістапада а 19:00 у Пасольстве Украіны ў Рэспубліцы Беларусь (вул.Старавіленская 51). Уваход па запрашэннях, з сабой трэба мець пашпарт.

Паказ фільма адбудзецца ў межах Дня пісьменніка ў няволі, заснаванага Міжнародным ПЭНам 37 год таму.

Фільм “Працэс” рэжысёра Аскольда Курава прысвечаны справе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, якому прымусова надалі расійскае грамадзянства і ў жніўні 2015 году прысудзілі ў Расіі да 20 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці і тэрактах у анэксаваным Крыме: нібыта ён і яго саўдзельнікі рыхтавалі падрыў помніка Леніну ў Сімферопалі і падпалілі офісы «Рускай абшчыны Крыму» і партыі «Адзіная Расея». Сянцоў сцвярджаў, што ў турме яго катавалі. Па словах рэжысёра, гэта фільм “пра бязлітасную дзяржаўную машыну, пра гераізм і баязлівасць”.

Падчас прагляду фільма можна будзе падпісаць паштоўку Алегу, якая пазней будзе дасланая рэжысёру. Яна Ганчарова (ініцыятыва “Росузник”) распавядзе пра асаблівасці лістоў палітзняволеным - што і як варта і чаго не варта пісаць, каб пасланні траплялі да адрасатаў і сапраўды падтрымлівалі іх.

Уваход - па запрашэннях. Калі вы хацелі б патрапіць на паказ, калі ласка, дашліце заяўку на [email protected].