» » Міжнародны ПЭН заклікае Эрытрэю вызваліць усіх жывых журналістаў і паведаміць пра лёс загінулых

Міжнародны ПЭН заклікае Эрытрэю вызваліць усіх жывых журналістаў і паведаміць пра лёс загінулых


Падчас паседжання Афрыканскай Камісіі па правах чалавека і народаў прэзідэнт ПЭНа Гамбіі Муса Шэрыф выступіў з пасланнем ад імя Міжнароднага ПЭНа і выказаў надзею, што Эрытрэя зробіць разумныя крокі ў напрамку паляпшэння ў краіне сітуацыі са свабодай словай і правамі чалавека. Прыводзім скарочаны пераказ гэтай вуснай прамовы.

На дадзены момант Эрытрэя прызнаная адной з самых небяспечных краінаў у свеце для журналістаў, пісьменнікаў і мысляроў. Дзесяць гадоў запар у сусветным Індэксе свабоды слова, які рыхтуюць “Рэпарцёры без межаў”, гэтая краіна значылася як найгоршае месца для працы журналістаў і работнікаў медыйнай сферы; толькі ў 2017 годзе Эрытрэя саступіла гэтае “сумнеўнае” лідэрства Паўночнай Карэі.

Эрытрэя з’яўляецца ўдзельнікам Афрыканскай хартыі пра правах чалавека і народаў, а таксама Міжнароднага пакту па грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтыя пагадненні абавязваюць Эрытрэю абараняць правы на свабоду меркавання і выказвання, а таксама іншыя правы і свабоды, уключна з правам на жыццё і бяспеку; свабоду ад катаванняў ці жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных для годнасці відаў абыходжання ці пакарання; свабоду ад незаконнага арышту ці затрымання; правам на справядлівы суд; свабоду думкі і сумлення, а таксама свабоду аб’яднанняў.

Аднак Эрытрэя не выконвае абавязальніцтваў, прадугледжаных гэтымі пагадненнямі, а наадварот, адкрыта іх парушае. З 1991 года, з часу здабыцця незалежнасці, журналісты як незалежных, гэтак і дзяржаўных медыя гэтай краіны зазнаюць сістэматычныя незаконныя арышты, запужванне; адбываюцца гвалтоўныя знікненні і, у некаторых выпадках, пазасудовыя забойствы.

Пачынаючы з верасня 2001 года 16 эрытрэйскіх журналістаў зніклі пры абставінах, якія нагадваюць выкраданне. Існуюць падазрэнні, што некаторыя з іх загінулі, знаходзячыся ў жахлівых умовах эрытрэйскіх турмаў. Аднак гэтая інфармацыя дагэтуль не пацверджаная, бо ўлады Эрытрэі ўпарта адмаўляюцца паведаміць пра іх лёс, ігнаруючы шматлікія запыты Афрыканскай камісіі і спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Эрытрэі.

Журналісты, якія знаходзяцца на свабодзе, працуюць у медыях, цалкам падкантрольных Міністэрству інфармацыі гэтай краіны.

Міжнародны ПЭН заклікае Эрытрэю:

- 
Паведаміць пра лёс і месцазнаходжанне ўсіх зніклых журналістаў і пісьменнікаў, а таксама забяспечыць усім тым, хто яшчэ жывы, незалежны медычны агляд і доступ да неабходнай медычнай дапамогі;

- Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх зніклых журналістаў, пісьменнікаў і палітыкаў, затрыманых незаконна;

- Аднавіць працу незалежных медыяў без абмежавання і ўмяшання, а таксама даць міжнародным медыям свабодны доступ да краіны;

- Выконваць міжнародныя абавязальніцтвы, датычныя забеспячэння права на жыццё і бяспеку асобы, уключна з безумоўным вызваленнем усіх палітычных вязняў, грамадскіх актывістаў і журналістаў.

З поўнай версіяй звароту да Афрыканскай камісіі можна пазнаёміцца на сайце Міжнароднага ПЭНу.