» » “Нявіннасць радыю”: сучасная жаночая брытанская паэзія на Майстэрні

“Нявіннасць радыю”: сучасная жаночая брытанская паэзія на Майстэрні


Чарговы занятак Перакладчыцкай Майстэрні быў прысвечаны сучаснай брытанскай паэзіі, дакладней, творчасці адной англійскай верлібрысткі – і спробам пераўвасобіць яе па-беларуску. Паэтка і перакладчыца Ганна Комар прадставіла ў сваіх перакладах некалькі вершаў Лавініі Грынло.

Аўтарка нарадзілася ў Лондане, дзе і пражыла ладную частку жыцця. Выдала пяць паэтычных зборнікаў, сярод якіх інтрыгуе сваёй назвай кніжка "Мінск" (2003). Апроч таго, яна піша апавяданні, раманы і здымае кіно. На дадзены момант выкладае прыгожае пісьменства ў Лонданскім універсітэце. Піша тэксты на музыку, адаптуе літаратурныя творы для радыё ("Гульня шкляных перлаў" Германа Гесэ ды інш.), а таксама вядзе дакументальныя перадачы (напрыклад, пра Эмілі Дыкінсан або Элізабет Бішап).

Ганна Комар прадставіла зусім невялікую падборку з пяці вершаў, але ўдзельнікам Майстэрні гэтага цалкам хапіла для паўнацэннага дзвюхгадзіннага мазгавога штурму, бо, з аднаго боку, перакладчыца выбрала сапраўды цікавую і вартую ўвагі сучасную паэзію, а з іншага – і ўзровень яе складанасці і колькасць перакладчыцкіх задач, што патрабавалі вырашэння, былі значныя.

Адной з праблем, з якімі сутыкаецца перакладчык англійскіх верлібраў, ёсць большая кароткасць слоў у арыгінале, чым у тваёй мове, і калі ты імкнешся “даслоўна” захаваць усё – радок неміласэрна падаўжаецца, робіцца грувасткім. Напрыклад, “Once he tried to go after her but could not / keep up and he fell, suddenly aware / that he had let the dark get behind him” – можа па-беларуску ператварыцца ў: “Аднойчы ён паспрабаваў пайсці за ёй, / але не паспяваў і ўпаў, раптам зразумеўшы, / што дазволіў цемры апанаваць”. Абмінуць такую небяспеку можна, шукаючы карацейшых сінонімаў, а таксама прасцейшых і больш натуральных граматычных канструкцый, што дазволіць, скажам, два англійскія дзеясловы перадаць адным беларускім. І ўжо ў любым разе пазбягаючы простага калькавання англійскага сінтаксісу: “паспрабаваў пайсці”, “спрабавала знайсці” і г.д. У выніку атрымліваецца нашмат больш зграбна, лаканічна і рытмічна: “Аднойчы ён пайшоў за ёй, але, / не паспяваючы, упаў і раптам зразумеў, / што здаўся змроку”. (Тут і далей спачатку цытуецца арыгінал, потым прадстаўлены “чарнавік”, а напрыканцы – версія, да якой перакладчыца прыйшла пасля абмеркавання.)

Раз-пораз карысна замяніць абстрактны назоўнік больш натуральным у нас прыметнікам або дзеясловам: “He was interested in how the richness of the bruise / made her face look so plain”. “Яму было цікава, як сакавітасць сіняка / зрабіла ейны твар такім простым” – “Яму было цікава, як гэты сакавіты сіняк / зрабіў яе твар такім простым”. А часам і цэлую “абстрактную” канструкцыю варта трансфармаваць, выразіўшы больш канкрэтнымі словамі: “and those who were not there come to her / for a souvenir of his motivation”. “І тыя, хто не быў там, прыходзяць да яе – / за памятным падарункам ягонага запалу” – “і тыя, хто там не быў, прыходзяць да яе, / каб мець на памяць хоць нешта, што ім рухала”.

Часам пераклад вершаў патрабаваў спецыяльных ведаў у пэўных галінах. Твор “Нявіннасць радыю” – пэўнай абазнанасці ў традыцыйнай тэхналогіі фатаграфавання: “Яго небяспечныя косткі не захавалі сакрэту. / Пад рэнтгенам... / яны засвечвалі негатывы і фатаграфавалі / сябе так, што выходзіў не шкілет, а здань, і фотаздымак / усё праяўляўся і замацоўваўся, непадуладны яму”. А верш “Смерць мясніка” вымагаў прынамсі павярхоўнага знаёмства з адпаведнай прафесійнай лексікай. Адна з пераваг калектыўнага абмеркавання – сярод удзельнікаў з вялікай верагоднасцю можа знайсціся нехта, хто арыентуецца ў дадзеных пытаннях лепей за цябе. Дзякуй за падказкі, шаноўныя калегі! У выніку паўстала цікавая падборка, што чакае сваёй публікацыі. А адзін з вершаў карціць прывесці проста зараз:


Смерць мясніка

Ён расказваў анекдоты?
Толькі дазволеныя.
(Інтэрв’ю з жонкай мясніка, забітага
падчас Румынскай рэвалюцыі 1989 г.)


Ён дастаўляў мяса тайнай паліцыі, кумпякі
ды вантробы. Укормленая аксамітная
мярцвячына. Ён каштаваў яе толькі з ляза нажа,
а пах прыносіў на пальцах дамоў
да жонкі, якая варыла суп і марыла, здрадзіць.
У кожнага добрага дня быў свой прысмак:
сэрца, трыбух, мазгі ці язык.

Пакрычаўшы на плошчы, пабіўшы шыбы,
яны прыйшлі да пастара. Вёска выбухнула.
Ён ні слова не сказаў пра бога і не меў адказу
на яе пытанне, толькі нацягнуў боты
і пацягнуўся на плошчу, да натоўпу,
што аб’яднаўся ў агульным запале.

Яго імя заўжды называюць,
калі згадваюць першы стрэл,
і тыя, хто там не быў, прыходзяць да яе,
каб мець на памяць хоць нешта, што ім рухала.
Яна расчыняе дзверы і прапануе на выбар:
сэрца, трыбух, мазгі ці язык.

Пераклала з англійскай Ганна Комар


“Нявіннасць радыю”: сучасная жаночая брытанская паэзія на Майстэрні

“Нявіннасць радыю”: сучасная жаночая брытанская паэзія на Майстэрні