» » Міжнародны ПЭН за спыненне справы супраць турэцкага праваабаронцы Рагыпа Заракалу

Міжнародны ПЭН за спыненне справы супраць турэцкага праваабаронцы Рагыпа Заракалу


Улады Турцыі мусяць зняць усе абвінавачванні супраць выдаўца і праваабаронцы Рагыпа Заракалу. З такой заявай сёння выступіў Міжнародны ПЭН-клуб, калі стала вядома пра аднаўленне супраць яго сфальсіфікаванай крымінальнай справы 28 верасня ў Стамбуле.

Сусветнавядомы праваабаронца Рагып Заракалу, які ўжо больш за 30 гадоў змагаецца за свабоду слова ў Турцыі і займаецца выданнем кніг, прысвечаных нацыянальным меншасцям і правам чалавека, быў арыштаваны 29 кастрычніка 2011 года. Яго абвінавацілі ў “дапамозе і падбухторванні да стварэння незаконнай арганізацыі” паводле артыкула 220/7 турэцкага Крымінальнага кодэксу ў звязку з прамовай, якую ён зрабіў падчас імпрэзы, арганізаванай няіснай цяпер пракурдскай “Партыяй міру і дэмакратыі” (BDP). Яго змясцілі ў турму строгага рэжыму, аднак 10 красавіка 2012 года Рагып Заракалу быў адпушчаны да суду. Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зняволення ў выпадку абвінаваўчага прысуду.

“Абсурдная судовая справа супраць Рагыпа Заракалу цягнецца ўжо амаль сем гадоў. Яго выпадак нагадвае нам, што турэцкія ўлады ўжо даўно выкарыстоўваюць антытэрарыстычныя законы для змагання са свабодай слова. Гэта кампанія запужвання мусіць быць неадкладна спыненая. І фіктыўныя абвінавачванні адразу ж знятыя”, -- заявіў Карлэс Торнэр, генеральны дырэктар Міжнароднага ПЭН-клубу.

Больш падрабязна пра справу Рагыпа Заракалу, а таксама пра сітуацыю з правамі чалавека ў Турцыі можна пачытаць на сайце Міжнароднага ПЭН-клубу.