» » Журы прэміі Арсенневай назвала найлепшую кнігу паэзіі

Журы прэміі Арсенневай назвала найлепшую кнігу паэзіі


Узнагароду атрымаў Алесь Разанаў за паэтычную кнігу “Перавыбранае”.

20 верасня ў дзень 115-годдзя Наталлі Арсенневай адбылася цырымонія ўручэння паэтычнай прэміі. Найлепшай паэтычнай кнігай 2017 г. была названая “Перавыбранае” як сума мастацкіх адкрыццяў у разнастайных наватарскіх жанрах, якія, пашыраючы інтэлектуальныя далягляды беларускай культуры, змянілі і працягваюць мяняць аблічча сучаснай паэзіі.

Нагадваем, у шорт-лісце прэміі Арсенневай сёлета былі дзевяць кніг:

Алесь Разанаў. Перавыбранае. Выдавецтва Змітра Коласа, Мінск.
Антон Францішак Брыль. Цмачанка. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Вальжына Морт. Эпідэмія ружаў. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
Валянціна Аксак. Завінены рай. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
Вольга Гапеева. Граматыка снегу. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
Ігар Кулікоў. Валадар загадак. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
Іна Снарская. Вогнепаклонніца. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
Міхаіл Рубін. Пераклад з Іншага. “Издательские решения” па ліцэнзіі Ridero.
Усевалад Сцебурака. Сны дарог. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.

У складзе журы прэміі ў 2018 годзе працавалі:

Вольга Іпатава, літаратуразнаўца і пісьменніца;
Наста Кудасава, паэтка;
Марыя Мартысевіч, паэтка і перакладчыца;
Дзмітрый Строцаў, паэт і выдавец;
Андрэй Хадановіч, паэт і перакладчык.

Частка імпрэзы была прысвечаная памяці Алеся Ліпая (1966 - 2018), які сёлета таксама ўдзельнічаў у Прэміі з кнігай “Абдымкі”.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове, выдадзенай у папярэднім Прэміі годзе. Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Прэмія носіць імя беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 г. і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”.