» » Стала вядома, хто ўвайшоў у Доўгі спіс Прэміі імя Ежы Гедройца

Стала вядома, хто ўвайшоў у Доўгі спіс Прэміі імя Ежы Гедройца


Журы Прэміі імя Ежы Гедройца прачытала 32 пададзеныя на Прэмію кнігі і пасля абмеркавання зацвердзіла Доўгі спіс. У яго ўвайшлі:

Уладзімір Арлоў. Танцы над горадам. Логвінаў, Мінск.
Альгерд Бахарэвіч. Сабакі Эўропы. Логвінаў, Мінск.
Валер Гапееў. Мая мілая ведзьма. Мастацкая літаратура, Мінск.
Адам Глобус. Сям'я. Мастацкая літаратура, Мінск.
Міхась Зізюк. Планктон. Галіяфы, Мінск.
Зараслава Камінская. Русалкі клічуць. Кнігазбор, Мінск.
Ганна Кандрацюк. Па Прыпяці па Нобель. Праграмная рада тыднёвіка "Ніва", Беласток.
Вінцэсь Мудроў. Забойца анёла. Кнігазбор, Мінск.
Ганна Севярынец. Дзень Святога Патрыка. Рэгістр, Мінск.
Павел Севярынец. Беларусалім. ФОП Серадняк Т.К., Днепр. Украіна.
Анка Упала. На заснежаны востраў. Выдавецтва Янушкевіч, Мінск.
Ксенія Шталенкова. Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах. Кнігазбор, Мінск.

Сёлета ўпершыню каманда прэміі абвяшчае конкурс “Угадай шорт Гедройца”. Хто, на вашую думку, увойдзе ў Кароткі спіс? Конкурс праводзіцца на старонцы прэміі ў Фэйсбуку. Сярод тых, хто назаве шэсць удзельнікаў, якія супадуць з выбарам журы, на абвяшчэнні кароткага спісу будзе разыграны адзін камплект кніг шортлістараў.

Умовы ўдзелу: 1. Да 23:59 26 жніўня змясціце каментаром да паста з абвесткай пра конкурс свой варыянт кароткага спісу. 2. Расшарце гэты пост на сваёй старонцы ў Фэйсбуку (пост павінен быць даступны на момант 23:59 26 жніўня).

Перад тым, як адказваць, абавязкова прачытайце рэгламент конкурсу ў першым каментары і трымайцеся яго. Дзякуй!

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная 28 снежня 2011 года і ўручаецца з 2012 г. за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы. У папярэднія гады галоўную ўзнагароду атрымлівалі Павел Касцюкевіч, Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Віктар Казько, Макс Шчур, Зміцер Бартосік. Суарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.

Сакратар прэміі Аляксей Стрэльнікаў, асістэнтка сакратара Ганна Трызнюк
Кантакты: e-mail: [email protected]; тэл.: +375 29 367-95-82 (Velcom)