» » Пазіцыя праваабарончых арганізацый і ініцыятыў па справе Дзмітрыя Галко

Пазіцыя праваабарончых арганізацый і ініцыятыў па справе Дзмітрыя Галко


17 ліпеня 2018 года суд Савецкага раёна Мінска вынес абвінаваўчы прысуд журналісту Дзмітрыю Галко. Дзмітрый прызнаны вінаватым па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і асуджаны да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд у законную сілу яшчэ не ўступіў.

Канфлікт, які паслужыў падставай для завядзення крымінальнай справы, адбыўся 25 лістапада 2017 года. Па версіі следства, Дзмітрый Галко ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія ўвайшлі ў кватэру, дзе непаўнагадовы сын Дзмітрыя адзначаў свой дзень нараджэння з сябрамі (у тым ліку паўнагадовымі). У матэрыялах справы адзначаецца, што на стале меліся алкагольныя напоі і некаторыя з гасцей знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Дзмітрый Галко і яго сын, які таксама прыняў удзел у канфлікце, былі затрыманыя з прымяненнем спецсродкаў і дастаўленыя ў аддзяленне міліцыі. Некалькі маладых людзей, якія прымалі ўдзел у святкаванні дня нараджэння, спрабавалі ўцячы ад міліцыі, саскочыўшы з балкона. Двое з іх атрымалі пры гэтым сур'ёзныя траўмы. Дзмітрый Галко быў дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і 27 лістапада прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства.

Адразу пасля вызвалення Дзмітрый на сваёй старонцы ў Facebook, а таксама ў інтэрв'ю сайтам KYKY.org і TUT.by, выказаў сваё меркаванне пра тое, што адбылося. Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі ўвайшлі ў кватэру насуперак яго пратэсту, без санкцыі пракурора і іншых прадугледжаных законам падстаў. Відэаздымка ў кватэры ажыццяўлялася таксама без згоды прысутных, і ён спрабаваў спыніць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі (не ўжываючы да іх гвалту). Ён выказаў абурэнне гэтымі дзеяннямі міліцыянтаў і сцвярджаў, што менавіта яны прывялі да траўматычным наступстваў – пералому нагі ў падлетка і пазваночніка ў паўнагадовага госця, якія спалохаліся ўварвання міліцыі ў кватэру. Пры гэтым у сілу сваіх прафесійных навыкаў журналіста і асабістых якасцяў Дзмітрый Галко выступаў у абарону не ўласных правоў (да гэтага моманту ён ужо быў прыцягнуты да адказнасці і лічыў, што справа скончаная), а публічнага інтарэсу.

Праз 12 дзён пасля канфлікту (і 10 дзён пасля публікацый) у дачыненні да Дзмітрыя Галко была распачатая крымінальная справа.

Мы не можам сцвярджаць, што завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да Галко стала вынікам яго крытычных матэрыялаў у сацсетках і СМІ. Больш за тое, мы вельмі негатыўна ставімся да сітуацыі, якая прывяла да ўзнікнення канфлікту, – адсутнасці кантролю дарослых за паводзінамі непаўналетніх і магчымага ўжывання некаторых з іх алкагольных напояў. І калі б расследаванне крымінальнай справы было бездакорным, мы прызналі б яго высновы без якіх-кольвек пярэчанняў. Аднак матэрыялы судовага следства не даюць нам падстаў палічыць іх такім і выключыць, што завядзенне крымінальнай справы з'яўляецца помстай з боку органаў унутраных спраў за крытыку.

Так, з матэрыялаў справы не вынікае, што праводзілася ўнутранае расследаванне правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў УУС пры ўваходжанні ў кватэру і ажыццяўленні відэаздымкі. Суд таксама не даў ім прававой ацэнкі. Між тым, артыкул 25 Закона аб органах унутраных спраў гаворыць, што супрацоўнік УУС мае права ўваходзіць бесперашкодна ў жылыя памяшканні і іншыя законныя ўладанні грамадзян толькі пры пераследзе падазраваных і абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў (то бок дзеянняў, якія караюцца крымінальна), альбо наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што там здзяйсняецца або здзейснена злачынства, альбо знаходзіцца падазраваны ці абвінавачаны. У тым жа артыкуле 25 размова ідзе аб праве праводзіць фатаграфаванне, гуказапіс, кінавідэаздымкі пэўных асобаў, але толькі «ва ўстаноўленым парадку».

З паказанняў супрацоўнікаў міліцыі вынікае, што іх візіт у кватэру (без якіх-кольвек санкцый і пастаноў) быў выкліканы тым, што ўчастковы ўбачыў на балконе групу падлеткаў. То бок падазрэнне выклікалі дзеянні, якія ў горшым выпадку маглі б быць прызнанымі адміністрацыйным правапарушэннем, але ніяк не злачынствам. Наступныя тлумачэнні супрацоўнікаў міліцыі (пра магчымую порнастудыю або наркапрытон) супярэчаць іх жа паказаннях і не вытрымліваюць мінімальнай крытыкі. Апроч іншага, супрацоўнікі міліцыі прызналі ў судзе, што, нягледзячы на працяглы час іх знаходжання ў кватэры, яны не пачыналі ніякіх працэсуальных дзеянняў і не заяўлялі пра іх пачатак.

Суд, на нашу думку, не надаў належнай увагі ацэнцы законнасці дзеянняў міліцыянтаў. Між тым, ёсць усе падставы меркаваць, што гэтыя дзеянні парушалі недатыкальнасць жылля і суправаджаліся ўмяшальніцтвам у асабістае жыццё. І расцэньваліся такімі Дзмітрыем Галко.

Звяртаем увагу, што артыкул 364 Крымінальнага кодэкса, па якім асуджаны Дзмітрый, прадугледжвае адказнасць за перашкоду законнай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У іншых выпадках асаблівая абарона законам на іх не распаўсюджваецца. Аднак у справе Галко, як і ў многіх іншых, законнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі засталася за межамі судовага разбору. Як і пытанне пра межы самаабароны грамадзяніна, якая спыняе незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі (у тым ліку накіраваныя супраць яго сына і іншых грамадзян).

Справа Дзмітрыя Галко вылучаецца не толькі таму, што ён з'яўляецца публічнай фігурай (што прыцягнула да справы павышаную грамадскую ўвагу), але яшчэ і таму, што ён, насуперак інтарэсам уласнай бяспекі, стаў публічна казаць пра правы грамадзян і магчымасці іх абароны пры канфліктах з міліцыяй.

Дзяржава абавязана забяспечыць аб'ектыўнае расследаванне любой справы і справядлівае судовае разбіральніцтва ўсім і кожнаму. Па справах жа, звязаных з публічнай крытыкай дзеянняў прадстаўнікоў улады (у тым ліку супрацоўнікаў міліцыі), расследаванне павінна быць максімальна дбайным і бездакорным – як па працэдуры, так і па высновах. На нашу думку, у дадзеным выпадку яно такім не з'яўляецца. Многія пытанні, істотныя для справы (і для далейшай практыкі ўзаемадачыненняў грамадзян і супрацоўнікаў міліцыі), не былі вырашаныя судом.

Заклікаем апеляцыйную інстанцыю ліквідаваць усе прабелы судовага следства і вынесці законнае і абгрунтаванае рашэнне.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

РГА «Прававая ініцыятыва»

Экспертна-прававое таварыства «Ініцыятыва FORB»

Беларускі дакументацыйнага цэнтр

Камітэт «Салідарнасць»

Беларускі Дом правоў чалавека ім. Б. Звоскава

РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

Паводле «Вясны»