» » Пачалося чытацкае галасаванне за найлепшую Кнігу году

Пачалося чытацкае галасаванне за найлепшую Кнігу году


Сёлета чытачы зноў маюць магчымасць прыняць удзел у складанні рэйтынга найлепшых кніг мінулага году. Запрацавала чытацкае галасаванне, дзе кожны ахвочы можа прагаласаваць за творы, намінаваныя на прэмію “Кніга году”.

Чытацкі рэйтынг мае сімвалічнае значэнне. Вынік галасавання будзе вядомы 31 траўня. Свабоднае галасаванне на старонцы kniha.of.by будзе магчымым да 18:00 31 траўня. Пераможца народнага галасавання атрымае прыз чытацкіх сімпатыяў, які будзе агучаны Беларускім ПЭН-цэнтрам.

Чытацкае галасаванне адбываецца другі раз. У 2017 годзе з ініцыятывы чытачоў была створана адмысловая старонка, дзе кожны ахвочы мог аддаць свой голас за ўлюбёную кнігу. Быў створаны неафіцыйны чытацкі рэйтынг кнігаў 2016 г. У мінулым годзе, па версіі чытачоў, кнігай году стала “Радзіва Прудок” Андруся Горвата.

Раз на суткі можна прагаласаваць за любыя тры кнігі з дзевяці намінаваных літаратарамі на прэмію "Кніга году". Такім чынам, праз некалькі дзён будзе створаны асобны рэйтынг кнігаў, па версіі чытачоў.

Афіцыйную прэмію “Кніга году” Беларускі ПЭН-цэнтр прысуджае з 2014 г. за найлепшую кнігу, выдадзеную ў папярэднім годзе. Кнігі намінуюць літаратары і журы ў складзе 100 літаратараў абірае пераможцаў. Чытацкае галасаванне на сайце kniha.of.by з’явілася ў дадатак да пісьменніцкага з ініцыятывы чытачоў. Вынікі галасавання не ўплываюць на афіцыйную прэмію і не залежаць ад яе. Паўдзельнічаць у літаратарскім галасаванні можна на сайце kniha.by.