Беларускі ПЭН-цэнтр выказаў салідарнасць з Алегам Сянцовым


Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў удзел ў сусветнай акцыі салідарнасці з расійскім палітзняволеным Алегам Сянцовым.

Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў удзел ў сусветнай акцыі салідарнасці з расійскім палітзняволеным Алегам Сянцовым – украінскім пісьменнікам, кінарэжысэрам і сценарыстам.

26 лютага ў культурнай прасторы „Корпус” адбыўся прагляд фільма Сянцова „Гамер”. Культуралагічнае вымярэнне сустрэчы дадаў Максім Жбанкоў, які распавёў пра сам фільм, а Яна Ганчарова (ініцыятыва РосУзник) расказала пра Алега, чаму і як той атрымаў свой тэрмін і ў якіх умовах ён знаходзіцца ў калоніі. Дзякуючы Яне прысутныя маглі набыць дзве кнігі Алега і – што не менш важна – падпісаць паштоўкі, якія будуць дасланыя ў калонію.

Літрадыё таксама далучылася да акцыі салідарнасці: аўдыёзапісы двух апавяданняў Сянцова – „Бабуля” і „Сабака”, – перакладзеных на беларускую мову Андрэем Хадановічам і Уладзем Лянкевічам, можна знайсці на старонцы праекта.

Сусветная акцыя ў падтрымку Алега Сянцова была аргіназаваная ПЭНам Амерыка 26 лютага, у гадавіну анэксіі Крыма. 22 партнёры арганізавалі акцыі ў 24 гарадах і 16 краінах. Падрабязней пра тое, як па ўсім свеце падтрымлівалі Сянцова і згадвалі пра іншых палітычных зняволеных, можа даведацца на старонцы ПЭНу Амерыкі.