Збор сродкаў на электравазок для Дар’і Ліс


Дар'і Ліс — пісьменніцы і журналістцы, паралізаванай праз СМА, неабходны новы інвалідны вазок.

Дар’і Ліс — пісьменніцы і журналістцы са смаргонскага Залесся, паралізаванай праз СМА, неабходны новы інвалідны вазок.

На платформе talaka.by cябры дзяўчыны арганізавалі збор сродкаў на сучасны нямецкі электравазок, які забяспечыць Дашы зручнасць ды мабільнасць, дасць свабоду творчасці.

Дар’я Ліс нарадзілася і жыве ў вёсцы Залессе на Смаргоншчыне. Ужо больш за 20 гадоў яна змушаная перасоўвацца ў інвалідным вазку. Падлеткам яна страціла магчымасць самастойна хадзіць праз развіццё ў яе спінальна-мышачнай атрафіі — генетычнага захворвання, пры якім у
чалавека не працуюць мышцы ног, галавы і шыі.

Як гэта, на жаль, часта здараецца ў Беларусі, хвароба скарэктавала планы Дашы на прафесію. У Мінскім лінгвістычным універсітэце, куды ў канцы 1990-х Дар’я хацела завочна паступаць на французскае аддзяленне, не было ліфту, а значыць, шлях туды ёй быў закрыты. Дзяўчына скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ і стала займацца журналістыкай.

Цяпер Дар’я Ліс супрацоўнічае з “Радыё Рацыя” і іншымі СМІ, вядзе блог і актыўна піша ў сацыяльных сетках. У 2008 годзе пабачыла свет яе кніга вершаў і апавяданняў “Вясновы джаз”.

Дарогі для перамяшчэння электравазком па роднай вёсцы і ваколіцах – вясковай якасці, і цяперашні Дашын электравазок ужо зусім растрэсся. Паўстала неабходнасць у новым. Тэхналогіі ідуць наперад, і ў 2017 годзе ёсць магчымасць выбраць не просты вазок, а з вертыкалізатарам. Мадэль Ottobock C1000 SF, якую можна замовіць сёння, каштуе 30146 беларускіх рублёў – з падаткамі гэта 34065 беларускіх рублёў.

Грошы на вазок можна ахвяраваць на платформе talaka.by, а можна наўпрост на дабрачынны рахунак:

Транзітны рахунак банка 3812 114 000 312
“Прыёрбанк” ААТ
Код банка 749
УНП 100220190
Назначэнне: для залічэння на дабрачынны рахунак № 749142-00631-000001 Ліс Дар’я Алегаўна

Звесткі пра паступленне грошай на дабрачынны рахунак будуць фіксавацца ў лічыльніку кампаніі.

Выправіцца па вазок, калі неабходная сума будзе сабраная, Дар’я плануе сама самалётам з Вільні ў Брэмен, бо такі вазок патрабуе абавязковай “прымеркі”. Грошы на падарожжа яна адклала з заробкаў.