ПЭН » Навiны » Новы сэрвіс паскорыць рэгістрацыю грамадскіх арганізацый

Новы сэрвіс паскорыць рэгістрацыю грамадскіх арганізацый


На партале NGO.by, па адрасе guide.ngo.by, адкрыўся ўнікальны для Беларусі бясплатны сэрвіс — сістэма генерацыі афіцыйных дакументаў, якія патрабуюцца для стварэння грамадскіх арганізацый.

Запоўніўшы некалькі радкоў у інтэрактыўных формах, карыстальнікі атрымліваюць поўны пакет рэгістрацыйных дакументаў: статут, пратакол устаноўчага сходу, заяву ў рэгіструючы орган, спіс заснавальнікаў і членаў кіруючага органа, звесткі аб рэвізары і ўзор гарантыйнага ліста ад уладальніка будучага юрыдычнага адрасу НДА.

«Вядома, што вялікае мноства фармальных патрабаванняў да працэсу рэгістрацыі НДА абцяжарвае развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, — кажа кіраўнік праекта, выканаўчы дырэктар БРГА «Аб'яднаны шлях» Аліцыя Шыбіцкая. — Калі заснавальнікі НДА не атрымалі юрыдычнай адукацыі, не займаліся раней справаводствам, падрыхтоўка рэгістрацыйных дакументаў можа зацягнуцца на гады. Прасцей, калі ініцыятыва прыцягвае да гэтай справы прафесійнага юрыста, але не ўсе ініцыятывы маюць для гэтага сродкі. Наш сэрвіс прапануе стваральнікам НДА падтрымку, якую можна параўнаць з дапамогай юрыста».

Сістэма фарміруе дакументы са стандартных блокаў, якія ёсць у статутах, заявах і пратаколах арганізацый, што прайшлі рэгістрацыю раней. Ад карыстальніка патрабуецца дадаць фактычныя дадзеныя: назву арганізацыі, імёны заснавальнікаў, месца і час правядзення ўстаноўчага сходу, фармулёўкі мэтаў і задач. Дакументы ствараюцца ў закрытым кабінеце, вяртацца да чарнавікоў можна шмат разоў. А калі тэксты цалкам гатовыя — спампаваць іх, ўнесці апошнія карэктывы, раздрукаваць і адправіць у рэгіструючы орган.

Стварыць сістыму дапамаглі экспертныя веды супрацоўнікаў і валанцёраў «Аб'яднанага шляху» адносна ўсіх аспектаў працы НДА ў Беларусі. «Аб'яднаны шлях» кансультуе і навучае актывістаў трэцяга сектара Беларусі з 1995 года, выпусціў 4 выдання зборніка «Прававое становішча беларускіх грамадскіх аб'яднанняў». Напаўненнем базы дадзеных, на аснове якой сэрвіс фарміруе дакументы, кіраваў юрыст Рыгор Бузо — удзельнік многіх асветніцкіх праектаў арганізацыі.

Стваральнікі сэрвісу мяркуюць, што ён не толькі зможа вырашыць прагматычныя задачы грамадскіх ініцыятыў, але і стане своеасаблівым падручнікам для тых, хто задумваецца аб прафесійнай працы ў некамерцыйным сектары альбо навучае актывістаў. Паступова сістэма будзе дапаўняцца іншымі модулямі: па рэгістрацыі сімволікі, падрыхтоўцы справаздачных дакументаў для дзеючых НДА і г.д.

Для даведкі:

Асноўныя нарматыўна-прававыя акты, якія рэгулююць стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў у Рэспубліцы Беларусь, — гэта Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь; Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь; Закон Рэспублікі Беларусь ад 04.10.1994г. №3254-XII «Аб грамадскіх аб'яднаннях» са зменамі і дапаўненнямі. Галоўныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да новых арганізацый: наяўнасць неабходнага ліку заснавальнікаў, наяўнасць юрыдычнага адрасу ў нежылым памяшканні, правядзенне ўстаноўчага сходу, выплата дзяржаўнай пошліны і падача правільна аформленых дакументаў для рэгістрацыі.

Па дадзеных Міністэрства юстыцыі РБ, у 2015 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 106 новых грамадскіх аб'яднанняў, у першым паўгоддзі 2016 года — 53. У той жа час, як сведчыць Штогадовая справаздача «Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі -2015», «захоўваецца практыка адмоваў міністэрствам юстыцыі ў рэгістрацыі АГС (арганізацый грамадзянскай супольнасці). Асабліва гэта тычыцца моладзевых, праваабарончых і рэлігійных арганізацый, якія часта атрымліваюць адмову ў рэгістрацыі на падставе памылак у афармленні дакументаў: недастаткова ясныя мэты і задачы, інфармацыя аб мабільным нумары тэлефона замест стацыянарнага і гэтак далей».