“Серадовішча” з Андрэем Хадановічам


Сустрэча, прысвечаная паэту Багдану-Ігару Антонычу.

У рамках “Года ўкраінскай літаратуры” ў Кнігарні Логвінаў у гэтую сераду, 27 красавіка, а 19.00 адбудзецца сустрэча, прысвечаная паэту Багдану-Ігару Антонычу.

Ён быў закаханым у жыццё паганцам і насіў сонца ў кішэні, рос разам з травой і стварыў “Зялёнае евангелле”. Паводле іншай версіі, быў хрушчом і жыў на вішнях – тых самых, што апяваў Шаўчэнка. А яшчэ львоўскім дэкадэнтам, што напісаў “Баладу пра блакітную смерць”.

Багдан-Ігар Антоныч (1909-1937), самы таямнічы, містычны й рафінаваны ўкраінскі паэт возьме ахвочых у патройныя абдымкі, атуліўшы пярсцёнкам песні, пярсцёнкам маладосці й пярсцёнкам ночы… А потым пачнецца снег, лэмкаўскія песні – і неба ўпадзе на хаты.

Спецыяльная госця – перакладчыца Алена Пятровіч.

Падзея ў Facebook.