» » » Прэмія Гедройца: Касцюкевіч і Клінаў у Гародні

Прэмія Гедройца: Касцюкевіч і Клінаў у Гародні

Чарговая з цыклу “Сустрэч з Гедройцам”, у межах якіх прызёры прэміі імя Ежы Гедройца выступаюць у абласных цэнтрах Беларусі, адбылася 7 красавіка ў Гародні ў галерэі “Крыга”. У імпрэзе, якую арганізаваў Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Амбасадай Рэспублікі Польшчы і якая прайшла пад нязменным лозунгам “Найлепшыя пісьменнікі — у вашым горадзе”, узялі ўдзел першы лаўрэат прэміі Павел Касцюкевіч і леташні прызёр Артур Клінаў. Вёў вечарыну Андрэй Хадановіч.

Чарговая з цыклу “Сустрэч з Гедройцам”, у межах якіх прызёры прэміі імя Ежы Гедройца выступаюць у абласных цэнтрах Беларусі, адбылася 7 красавіка ў Гародні ў галерэі “Крыга”. У імпрэзе, якую арганізаваў Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Амбасадай Рэспублікі Польшчы і якая прайшла пад нязменным лозунгам “Найлепшыя пісьменнікі — у вашым горадзе”, узялі ўдзел першы лаўрэат прэміі Павел Касцюкевіч і леташні прызёр Артур Клінаў. Вёў вечарыну Андрэй Хадановіч.

Паколькі праз нязручнасць гарадзенскай транспартнай камунікацыі з Мінскам час гасцей быў абмежаваны, вядоўца прадставіў прэмію Гедройца і адразу ж, без доўгіх прадмоваў, прапанаваў празаікам зачытаць нешта са сваіх адзначаных прэміяй Гедройца кніг. Павел Касцюкевіч прачытаў урывак з апавядання пра ашмянскіх кантрабандыстак — тэма гэтая мусіць крануць сэрца жыхароў любога памежнага горада, а Артур Клінаў прадставіў урывак з рамана “Шклатара”.

Прэмія Гедройца: Касцюкевіч і Клінаў у Гародні


Параўнаўшы кампазіцыю “Шклатары” з кампазіцыяй рамана Гофмана “Жыццёвыя погляды ката Мура”, дзе нататкі вучонага ката чаргуюцца з гісторыяй капельмайстра Крайслера, Андрэй Хадановіч спытаў у Артура Клінава, як таму ўдалося скласці дзве гісторыі ў адну. “У Гофмана быў свой метад — у яго кот выкарыстоўваў аркушы з гісторыяй Крайслера ў якасці прамакатак, а ў друкарні на гэта не звярнулі ўвагі і выдалі ўсё разам. Як гэта адбывалася ў рамане “Шклатара”?”

Артур Клінаў: “Адна з лініяў рамана — цалкам дакументальная і прысвечаная драматычнаму 2010 году, калі ўсе мы задавалі сабе пытанне: куды далей пойдзе краіна? Тады прыватна я глядзеў на ўсё надта песімістычна. Такім чынам, асабістая драма героя адбываецца на тле тых падзеяў. Другая лінія — гэта сцэнар фільма, які сапраўды быў падрыхтаваны, аднак вытворчасць якога была спыненая. Гэтая лінія патрэбная для таго, каб паказаць цыклічны характар развіцця падзеяў і даць гістарычны фон сучаснай лініі, падкрэсліць ідэю блукання ў лабірынце. Дзве гэтыя лініі перагукаюцца, а ў канцы яны мяняюцца месцамі: рэальная лінія робіцца фантастычнай, а фантастычная аказваецца больш рэальнай”.

У адрозненне ад Артура Клінава, які ў сваёй кнізе выкарыстаў дзве сюжэтныя лініі, Павел Касцюкевіч, аматар малых празаічных жанраў, прыдумаў для сваёй кнігі не менш за 14 сюжэтаў — менавіта столькі апавяданняў змяшчае яго зборнік. Наступнае пытанне Андрэя Хадановіча было адрасаванае яму: чым натхняецца пісьменнік і колькі ў яго прозе рэальнасці?

Павел Касцюкевіч: “Мне вельмі забаўна чуць, калі Артур Клінаў кажа пра дакументальнасць у сваім рамане. Мэта рамана — стварыць паралельную рэальнасць, гэта нібыта карціна Далі са сваімі ландшафтамі. Таму я не веру раманістам, якія кажуць, што іх творы блізкія да рэальнасці. З кароткім апавяданнем усё інакш, у ім аўтар гуляецца з рэальнасцю, у канцы наносячы гэтай рэальнасці нечаканы ўдар. Кароткае апавядане сілкуецца рэчаіснасцю — і з гэтага нараджаецца твор мастацтва”.

Далей Павел Касцюкевіч расказаў пра свой досвед вяртання ў Беларусь пасля 12 гадоў жыцця ў Ізраілі. “Грамадзяніну ў Беларусі можа быць некамфортна, але для пісьменніка і стваральніка міфаў тут — райскае жыццё. Людзі тут існуюць у трох рэальнасцях. Першая — гэта рэальнасць тых, хто марыць пра еўрапейскую будучыню для Беларусі, другая — тых, хто марыць вярнуцца на 25 гадоў назад, трэцяя — рэальнасць тых, хто проста жыве. Тут і адбываецца ўсё самае цікавае”.

Прэмія Гедройца: Касцюкевіч і Клінаў у Гародні


Наступнае пытанне Андрэй Хадановіч задаў Артуру Клінаву, які вядомы не толькі як празаік, а найперш як фатограф і мастак: чаму творца, які працуе ў сферы візуальных мастацтваў, звярнуўся да літаратуры?

Артур Клінаў: “У дзяцінстве мне вельмі падабалася слова “авангардызм”, і хоць я не ведаў яго значэння, мне вельмі хацелася быць авангардыстам. Потым я пра значэнне гэтага слова дазнаўся, і быць авангардыстам больш не хачу. Пачынаў я ўвогуле з жывапісу. Аднак найлепшая форма для таго, каб выказаць ідэю — гэта слова. У візуальным мастацтве часам застаецца ўражанне недагаворанасці, хочацца нешта дадаць, але няма як. У літаратуры ж усё інакш. Цяпер жа мне зноў хочацца вярнуцца да жывапісу. За апошні год адбылося столькі падзеяў, што словаў ужо няма, а ёсць адна голая эмоцыя, і калі пачаць пра яе гаварыць, атрымаецца толькі мат на маце. Мне няма чаго зараз сказаць свету, бо ён так змяніўся, што трэба гэта найперш асэнсаваць. Калі словаў няма, а ёсць толькі эмоцыі, надыходзіць час жывапісу. Таму я хачу цяпер заняцца брутальным манументальным жывапісам”.

Андрэй Хадановіч: “Раман “Шклатара” — рэкардсмен па колькасці пазнавальных герояў, сярод іх шмат каго пазнаеш. І далёка не ўсе людзі паказаныя там беззаганнымі анёлкамі. Аўтара ратуе толькі тое, што найбольш цынічна ён у гэтай кнізе абышоўся з самім сабой. Як павялі сябе прататыпы герояў “Шклатары”? Ці шмат было крыўдаў? Ці шмат хто перастаў падаваць руку?”

Артур Клінаў: “Рэакцыя людзей мяне жорстка расчаравала, я чакаў большай колькасці крыўдаў. Мой цынізм амаль не зачапіў талерантных беларусаў, асабліва гэта тычыцца палітычных дзеячаў. Крытыкі гавораць, што ў гэтым творы няма ніводнага станоўчага героя, і як на мяне, гэта хутчэй мой недахоп. Адзіны герой, якога можна назваць станоўчым — гэта Адам у сцэнарнай частцы, і яго забіваюць…”

Прэмія Гедройца: Касцюкевіч і Клінаў у Гародні


Андрэй Хадановіч: “Навошта такая безасабовасць: яго забіў аўтар. Дык дзеля чаго яго забілі?”

Артур Клінаў: “За яго смерць мне не сорамна, ён памёр гераічна”.

Тады Андрэй Хадановіч спытаў у Паўла, ці ёсць у сучаснай постмадэрнісцкай літаратуры, калі пафас пераходзіць у іронію і гратэск, месца для гераізму.

Павел Касцюкевіч: “У рэальнасці месца для гераізму ёсць, а літаратура застаецца на сумленні аўтара”.

Андрэй Хадановіч: “А ці ёсць у цябе нейкія літаратурныя табу, тэмы, якія лепш не чапаць?”

Павел Касцюкевіч: “Не магу пісаць пра надзённае. Калі мяне перапаўняюць пачуцці, я прымушаю сябе маўчаць і не пісаць, бо для літаратуры патрэбны час на асэнсаванне. Гэта шкодна для здароўя, але карысна для літаратуры”.

Апошняе пытанне сустрэчы тычылася пісьменніцкага тайм-менеджменту: калі знайсці час для таго, каб пісаць?

Артур Клінаў сказаў, што для яго гэтае пытанне вельмі балючае: ствараць па рамане ў год — яго мара, недасяжная праз неабходнасць зарабляць грошы. Для таго, каб пачаць раман, яму трэба 2-3 месяцы патраціць на распрацоўку касцяка твора, і лепш за ўсё рабіць гэта, збегшы ад усіх, пажадана за межы Беларусі. Менавіта неабходнасць паралельна з пісаннем вялікага твора зарабляць грошы на жыццё Артур Клінаў лічыць галоўнай праблемай беларускіх пісьменнікаў і прычынай таго, што ў нас малыя празаічныя формы сярод аўтараў нашмат больш папулярныя.

Павел Касцюкевіч падзяліўся сваім рэцэптам, як знаходзіць час на літаратуру: для гэтага трэба пісаць як мага менш журналісцкіх матэрыялаў. “Калі твая праца не звязаная з літаратурай і неабходнасцю пісаць, то час на ўласную творчасць знойдзецца”.

Пры канцы сустрэчы празаікі зноў прачыталі па ўрыўку са сваіх кніг, а чытачы атрымалі магчымасць узяць у прызёраў літаратурнай прэміі аўтографы.

Павел Касцюкевіч — празаік, перакладчык ізраільскай і амерыканскай літаратуры, першы лаўрэат прэміі Ежы Гедройца (кніга “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”). Артур Клінаў — празаік і мастак, у 2014 годзе атрымаў другое месца ў прэміі Гедройца за кнігу “Шклатара”.

Усе фота з сустрэчы — у нашым Facebook.

Ганна Янкута, Беларускі ПЭН-цэнтр
Фота Аляксандра Кладава