Ігар Логвінаў просіць дапамогі на выплату штрафу


"Зрабіць кнігарню не прыватнай ініцыятывай, а агульнай справай беларусаў".

20 студзеня ў мінскай кнігарні “логвінаЎ” адбылася прэс-канферэнцыя, на якой фактычна адбыўся зварот да грамадскасці па дапамогу. Выдаўца і гандляра Ігара Логвінава падтрымлівалі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў; паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч; філосаф Валянцін Акудовіч. Як паведамляе сайт кампаніі “Будзьма беларусамі”, знаныя літаратары адзначалі ўнёсак выдавецтва і кнігарні “логвінаЎ” у развіццё беларускай культуры і выказвалі свае прапановы па аказанні дапамогі.

На прэс-канферэнцыі Ігар Логвінаў нагадаў, што нядаўна эканамічны суд прызначыў яму штраф — больш за 5 мільёнаў рублёў “за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць”. З яго спаганяюць таксама 961 мільён рублёў, які падатковая інспекцыя палічыла прыбыткам крамы, інфармуе Еўрарадыё. Незалежнага выдаўца вінавацілі ў продажы кніг без ліцэнзіі Мінінфармацыі.

У судзе Ігар Логвінаў не прызнаў сваёй віны. Таксама ён адзначыў, што 961 млн рублёў — гэта не прыбытак кнігарні, а яе абарот. Паводле слоў Логвінава, кнігарня працуе практычна “ў нуль”. Аднак суд не прыняў да ўвагі гэтыя аргументы.

Суд загадаў спагнаць з Логвінава амаль мільярд рублёў. Сёння Логвінаў папрасіў у грамадскасці дапамогі ў выплаце штрафу — згаданага 961 млн рублёў.

Грошы можна пералічыць на дабрачынны рахунак. Як гэта зрабіць, патлумачана на адмысловым сайце #SaveLohvinau.

Таксама грошы можна будзе прынесці проста ў кнігарню (трэба мець з сабой пашпарт).

Дапаможам кнігарні “логвінаЎ” разам!