«Planktonus Vulgaris»: выйшла новая кніга Кірыла Дубоўскага


Яе ўжо можна набыць, а таксама спампаваць у электронным выглядзе. Прэзентацыя адбудзецца 17 снежня ў кнігарні «логвінаЎ».

Другая кніга Кірыла Дубоўскага апавядае пра маладога выпускніка ўніверсітэта Канстанціна Дарожкіна, які шукае сваю першую працу, каб нарэшце злезці з бацькоўскай шыі. Ён яшчэ не ведае, што зрабіць гэта будзе не так проста, і наперадзе яго чакаюць дзевяць колаў запамінальных сумоўяў і нават часовы гарнітур «спецыяліста па продажах». Не падазрае ён і пра тое, што, калі трапіць у доўгачаканы офіс, ягоная асабістая, але цікавая гісторыя толькі па-сапраўднаму пачнецца…

Кірыл Дубоўскі – фіналіст конкурсаў маладых літаратараў да стагоддзя газеты «Наша нiва» (Мінск, 2007), Слово.doc (Мінск, 2009), імя Ларысы Геніюш (Мінск, 2010). Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра. Першая ягоная кніга – «Хороший роман» – выйшла ў 2012 годзе.

Кніга Кірыла Дубоўскага «Planktonus Vulgaris» выйшла пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра і выдавецтва «логвінаЎ».

Папяровая версія прадаецца ў кнігарні «логвінаЎ» (Мінск, пр. Незалежнасці, 37а).

У электронным выглядзе можна спампаваць тут.

Прэзентацыя «Planktonus Vulgaris» адбудзецца 17 снежня ў 19.30 у кнігарні «логвінаЎ».
Уваход вольны!