Пошук

Паэт Антон Рудак 3 лістапада прэзентуе свой дэбютны зборнік


У серыі «Пункт адліку» выйшла дэбютная кніга Антона Рудака — першага ўдзельніка Рэзідэнцыі маладога літаратара ў Вільні.

Дэбютную кнігу Антона Рудака склалі вершы, напісаныя за апошнія пяць гадоў. «Верхні горад» — гэта знаёмыя мясціны з нечаканага ракурсу, прыватныя ўспаміны і агульная спадчына, мінулае і сучаснасць.

Антон Рудак нарадзіўся 9 жніўня 1989 года ў Мінску, фіналіст конкурсу Беларускага ПЭН-цэнтра да стагоддзя Ларысы Геніюш і першы ўдзельнік праграмы “Рэзідэнцыя маладога літаратара ў Вільні” .

Рэдактар кнігі — Андрэй Хадановіч, мастак вокладкі — Ксенія Шталянкова.

У прэзентацыі, апроч аўтара, бяруць удзел Юля Цімафеева і Андрэй Хадановіч.

Кнігарня “логвінаЎ” (Незалежнасці, 37а, Мінск).
Пачатак у 19-30.
Уваход вольны.

***
Валодзя Караткевіч на беразе Дняпра

Вецер хмары па небе ў сумёты зьбіраў

І яны застывалі ў маўклівым спакоі.

Сумны хлопчык сядзеў на адхоне Дняпра,
А краіна драмала ў сьнягах за ракою.

“Бог пакінуў яе. Пэўна, зь дзесяць вякоў,
Як забыўся аб нашай няшчаснай радзіме,
Дзе ня тое што цмокаў – няма й ветракоў,
Ані Донаў Кіхотаў, каб біліся зь імі.

Ён пайшоў і пакінуў нас зь ёю саміх –
Дык на чорта малітвы да гэткага Бога?”
Раптам сьнег прыпыніўся і вецер заціх –
Бог схіліўся і сумна глядзеў на малога.

І пакуль феерверкі ляцелі ў гару
І клалося ў снапы пад сярпамі калосьсе,
Ён пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь,
І для першага разу някепска ўдалося.