» » Рада Беларускага ПЭН-цэнтра занепакоеная зрывам прэзентацыі кнігі Віктара Марціновіча

23 кастрычніка ў Гродне мелася адбыцца прэзентацыя рамана Віктара Марціновіча “Мова”. Аднак праз умяшанне праваахоўных органаў імпрэза была сарваная.

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выказвае пратэст супраць гэтага факта і лічыць перашкоды літаратурнаму працэсу непрымальнымі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоду сходаў, свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выяўленне. Аднак адмена прэзентацыі легальна выдадзенай кнігі, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай сетцы распаўсюду, з’яўляецца ганебным зневажаннем правоў, прапісаных у галоўным законе нашай краіны.

Асабліва непрыемна, што гэта адбылося ў дзень сустрэчы кіраўніка дзяржавы з беларускімі пісьменнікамі, дзе таксама ўздымаліся пытанні чорных спісаў, цэнзуры, няроўных ўмоваў існавання літаратараў з Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога якраз і з’яўляецца Віктар Марціновіч.

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра асуджае стварэнне перашкод пісьменніцкай дзейнасці і заклікае шанаваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і прафесійныя правы літаратараў.