» » Кнігу Ігара Бабкова назвалі найлепшым усходнееўрапейскім раманам

Кнігу Ігара Бабкова назвалі найлепшым усходнееўрапейскім раманам


Пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію Вышаградскай групы.

Як расказаў Ігар Бабкоў, гэтая прэмія прысуджаецца краінамі Вышаградскай групы сваім братам па розуму з другога боку мяжы (Еўрасаюза) — Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан. «Гэта цяпер называецца Усходняя Еўропа. Расія не ўваходзіць, яна — Еўразія».

Прэмія прадугледжвае грашовы прыз — 1300 еўра. А да канца года павінен з’явіцца славацкі пераклад рамана.

«Ведаю, што прэмія існуе не першы год, у розныя часы былі намінаваныя Разанаў, Марціновіч, Дубавец, Бахарэвіч… Кожны год славісты выпраўляюцца ў доўгае падарожжа па рэгіёне, сустракаюцца з крытыкамі, ходзяць па кафедрах і кнігарнях. У гэтым годзе, паводле легенды, у кнігарні «логвінаЎ» было набыта беларускіх кніг на 4 млн. Потым засядаюць эксперты і крытыкі. А затым журы».

Узнагароджанне адбудзецца 3 снежня ва ўніверсітэце Яна Каменскага ў Браціславе, адзначае газета«Наша Ніва».

Сёлета Ігар Бабкоў з «Хвілінкай» стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца, якая ўручаецца штогод за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. Гэта кніга «пра кавярню, дзе адбываліся важныя для Мінска і Беларусі рэчы». Пісьменнік паведаміў, што раман таксама ўзяліся перакладаць на вянгерскую мову.

Вышаградская група — аб’яданне чатырох цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў: Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя.