У Беларусі з’явілася новая non-fiction прэмія


У сучаснай Беларусі існуе патрэба падтрымкі і развіцця непрыдуманай літаратуры, яе аўтараў і выдавецкага працэсу. Для спрыяння вырашэнню гэтых задач засноўваецца Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў.

У 2011 г. у выдавецтве “Лімарыус” была запачаткаваная кніжная серыя “Беларуская мемуарная бібліятэка”, галоўнай ідэяй якой — публікацыя ўспамінаў беларусаў і пра Беларусь, што з’яўляюцца адным з жанраў непрыдуманай літаратуры. Першай кнігай, якая пабачыла свет у гэтай серыі, сталі “Успаміны пасла” эмігранта Аляксандра Стагановіча (1890—1988). У хуткім часе была апублікаваная і кніга ягонай жонкі Марыі Стагановіч (1898—1995) “Мае ўспаміны”. У 2015 г. спаўняецца 125 гадоў ад нараджэння Аляксандра Стагановіча і 20 гадоў ад смерці Марыі. Іх дачка, вядомая мастачка, што жыве ў Нью-Ёрку, Тамара Стагановіч-Кольба, жадаючы ўшанаваць памяць пра бацькоў і падтрымаць непрыдуманую літаратуру, вырашыла заснаваць прэмію іхняга імя за кнігу ў гэтай галіне.

Прэмія мае быць уручана ў 2015 г. за кнігі, надрукаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2011—2014 гг.

Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, выдавецтва “Лімарыус”.

На прэмію могуць быць вылучаны кнігі, напісаныя ў галіне непрыдуманай літаратуры наступных жанраў:

– Мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярная спадчына (не толькі ўласныя, але і публікацыі чужых)

– Біяграфіі

– Травелогі (падарожныя нататкі)

– Дакументальная проза

Трох пераможцаў конкурсу вызначыць кампетэнтнае журы ў складзе:

– Старшыня секцыі непрыдуманай літаратуры ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, сябра Управы ЗБС “Бацькаўшчына”, галоўны рэдактар альманаха “Запісы БІНіМ”, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка;

– Сябра Управы ЗБС “Бацькаўшчына”, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў;

– Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль;

– Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка;

– Літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ, кандыдат філалагічных навук Ганна Кісліцына;

– Літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, супрацоўнік рэдакцыі часопіса “Маладосць” Ціхан Чарнякевіч;

– Дырэктар выдавецтва “Лімарыус” Марына Шыбко.

Прэмія будзе падзеленая паміж трыма пераможцамі, кожны з якіх атрымае таксама дыплом і памятны медаль.

Правам намінавання на прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў валодаюць як аўтары ці выдаўцы, так і члены журы конкурсу.

Пры вылучэнні кнігі на прэмію трэба да 19 студзеня 2015 г. перадаць у аргкамітэт папяровы і/ці электронны варыянт тэксту. Папяровыя выданні трэба прадстаўляць у Саюз беларускіх пісьменнікаў па адрасе: 220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31–906. Электронныя версіі выданняў можна дасылаць на адрас: [email protected] Пры перадачы ці дасылцы кніг на прэмію трэба рабіць адмысловую пазнаку “Прэмія А. і М. Стагановічаў”.

Тэлефон для даведак: 8 (017) 200-80-91.

Імёны пераможцаў будуць абвешчаны ў красавіку 2015 г.