Нобелеўскую прэмію па літаратуры сёлета атрымаў Патрык Мадыяно


Французскі пісьменнік быў уганараваны "за мастацтва памяці, дзякуючы якому ён выявіў самыя неверагодныя чалавечыя лёсы і раскрыў жыццёвы свет чалавека падчас акупацыі".

9 кастрычніка было абвешчана імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Сёлета ім стаў Патрык Мадыяно.

Французскі пісьменнік быў уганараваны “за мастацтва памяці, дзякуючы якому ён выявіў самыя неверагодныя чалавечыя лёсы і раскрыў жыццёвы свет чалавека падчас акупацыі”.

Патрык Мадыяно, пісьменнік і сцэнарыст, нарадзіўся ў 1945 годзе.

Саюз беларускіх пісьменнікаў распавядае, што вучыўся Патрык перш у парыжскім ліцэі Генрыха IV, дзе геаметрыю яму выкладаў Рэмон Кено, які сябраваў з яго маці і пазней дапамог юнаку ўвайсці ў літаратурнае кола выдавецтва “Галімар”, а затым у ліцэі і ў каледжы ў Ансі. Першы раман Мадыяно — «Плошча Зоркі» — быў апублікаваны ў 1968 годзе і адразу прынёс аўтару вядомасць.

Практычна ўсе творы пісьменніка аўтабіяграфічныя і (або) звязаны з тэмай акупацыі Францыі падчас Другой сусветнай вайны. У сваім інтэрв’ю ў кастрычніку 1975 Мадыяно прызнаецца, што ён «апантаны перадгісторыяй, мінулым», а «мінулае — ганебная эпоха акупацыі». «Мой сюжэт — час», — дадае ён у інтэрв’ю газеце Le Monde (ад 24 мая 1973 года).

Многія творы Патрыка Мадыяно былі экранізаваныя, перакладзеныя на шматлікія мовы свету.

Лаўрэат Ганкураўскай прэміі (1978), Літаратурнай прэміі князя Манакскага (1984), Міжнароднай прэміі Чына дэль Дука (2010).