16 верасня адбудзецца сустрэча са Святланай Алексіевіч


Пасольства Германіі запрашае на сустрэчу са Святланай Алексіевіч, якая ў 2013 годзе атрымала Прэмію міру Саюза нямецкіх кнігагандляроў.

У кнігах Святланы Алексіевіч не навязваюцца абсалютныя ісціны, але заўсёды ўздымаецца пытанне аб іх магчымасці, лёсе “абсалютных ісцін” былой эпохі і нашай адказнасці за мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню.

Наколькі літаратура сёння можа быць інструментам асэнсавання грамадства і фіксаваць галасы тых, чый вопыт часта “раствараецца” ў вялікай гісторыі? Аб чым варта сёння гаварыць і пісаць у першую чаргу: аб гуманізме, гісторыі, нацыі, маралі, каханні, нянавісці, прыватным жыцці, еўрапейскіх каштоўнасцях або беларускай аўтэнтычнасці?

Сустрэча са Святланай Алексіевіч пройдзе ў фармаце вольнай дыскусіі.

Мадэратар дыскусіі — Аляксей Братачкін, кіраўнік канцэнтрацыі “Публічная гісторыя” Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі.

16 верасня, пачатак а 19-й гадзіне.
Крэатыўная прастора ЦЭХ (пр. Незалежнасці, 58), корпус 6.
Уваход вольны.