» » Заява Міжнароднага ПЭН-клуба

Заява Міжнароднага ПЭН-клуба


Рускі і Украінскі ПЭН-клубы пацвердзілі сваю еднасць у змаганні супраць прапаганды, што разбурае мову публічнай дыскусіі.

На сустрэчы, арганізаванай Міжнародным і Шведскім ПЭН-клубамі ў Стакгольме, Людміла Уліцкая, віцэ-прэзідэнт Рускага ПЭН-клуба, гаварыла пра ману, што атручвае розумы, якія не маюць іншых крыніц інфармацыі, а Аляксандра Гнацюк, сябар Украінскага ПЭН-клуба, разважала пра прапаганду, мэта якой — стварыць ворагаў.

Міжнародны ПЭН-клуб арганізаваў шэраг мерапрыемстваў, на якіх рускія і ўкраінскія пісьменнікі мелі магчымасць сустрэцца з калегамі з усяго свету. У часы штодзённай пагрозы гвалту ПЭН верыць, што публічная дыскусія мусіць быць адкрытай. Прэзідэнт Міжнароднага ПЭН-клуба Джон Ралстан Сол адзначыў: “Мір і стабільнасць — гэта не тыя справы, якія робяцца за зачыненымі дзвярамі, гэта здольнасць людзей адкрыта размаўляць адно з адным”.

Ужо некалькі месяцаў доўжыцца бесперапынная агрэсія з боку Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Нас глыбока трывожаць парушэнні правоў татарскага насельніцтва на тэрыторыі незаконна анексіраванага Крыма і дзейнасць узброеных груповак, што ствараюць беспарадкі ва ўсходніх частках Украіны з мэтай дэстабілізацыі краіны. Прадстаўнікі Украінскага ПЭН-клуба гавораць пра журналістаў і мірных жыхароў, што былі застрэленыя, выкрадзеныя і закатаваныя. Рускі ПЭН-клуб звяртае ўвагу, што адна з крыніц такога гвалту — разбурэнне мовы публічнай дыскусіі: “Словы — гэта адзіны сродак, з дапамогай якога мы ствараем значэнні і адлюстроўваем рэальнасць. Расійскія ўлады выкарыстоўваюць цяпер словы, каб знішчыць значэнні. Само сабой разумеецца, што гэта злачынства супраць культуры”.

Асабліва ПЭН турбуецца наконт шквалу законаў, скіраваных супраць свабоды выяўлення, што прымаюцца ў Расіі і разглядаюць міжнародныя НДА як замежных агентаў, законаў супраць геяў, закону, што дазваляе блакаваць вэб-сайты без загаду суда, законы, што забараняюць абмяркоўваць рускую гісторыю, закону пра рэлігійную дыфамацыю. Правы чалавека парушаюцца ў імя бяспекі.

Людзі задаюцца пытаннямі, ці не аказаліся мы перад тварам вайны інтарэсаў ці вайны каштоўнасцяў, ці абодвух тыпаў войнаў. У любым выпадку, адзіны спосаб абараніцца — забяспечыць права на свабоду выяўлення. На перадавой у любой краіне заўсёды аказваюцца журналісты. Мы захапляемся іх мужнасцю і заклікаем тых, хто аказаўся пад ціскам, памятаць, што, кажучы словамі Льва Рубінштэйна, “прапаганда — гэта знішчэнне мовы”.

11 чэрвеня 2014 года
Стакгольм
Канферэнцыя, арганізаваная Міжнародным і Шведскім ПЭН-клубамі па пытаннях руска-украінскай сітуацыі