Жыць і адчуваць гэты свет побач з Разанавым


На днях у Літоўскай амбасадзе ў Беларусі адбылася прэзентацыя новай кнігі Алеся Разанава. Павіншаваць карыфея беларускай паэзіі з яго зборнікам вершаў, выдадзеным па-літоўску, і пагутарыць з ім прыйшло шмат дзясяткаў чалавек.

На днях у Літоўскай амбасадзе ў Беларусі адбылася прэзентацыя новай кнігі Алеся Разанава. Павіншаваць карыфея беларускай паэзіі з яго зборнікам вершаў, выдадзеным па-літоўску, і пагутарыць з ім прыйшло шмат дзясяткаў чалавек. Кніга “Падарунак хроснай маці” — другі збор твораў аўтара, які выйшаў на мове Літвы.

Большую частку жыцця паэт сябруе з літаратурай нашай блізкай краіны-суседкі: перакладае вершы, прозу. Літоўскага ж чытача з разанаўскім словам з канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя знаёміць доктар гуманітарных навук Алма Антаніна Лапінскене. На прэзентацыі яна акцэнтавала ўвагу на тое, што калі першая кніга была зробленая ў чорных танах, дык кніга “Падарунак хроснай маці”, наадварот, белая. Алесь Разанаў дадаў, што “белая” кніга складзена з міфаў, ягоных сноў і рэчаіснасці.

“Зразумела, што разанаўская рэчаіснасць прымаецца толькі падрыхтаванымі аматарамі паэзіі — яго трэба ўмець чытаць, — адзначыла пісьменніца Альбіна Сямёнава. — Я працавала з Алесем Разанавым у суседніх кабінетах, мы папросту віталася, як калегі. А ён, аказваецца, такі паэт!”

Спадарыня Сямёнава лічыць, што ў сваіх творах Алесь Разанаў запрашае нас да высокіх сфер, і да іх не так проста дацягнуцца. Але калі схопіш верш, такая адчуваецца музыка — першапачатак, які свядома і падсвядома вядомы толькі Разанаву.

Крытык Ганна Кісліцына пачала чытаць Творцу падлеткам. “Праз гады, — кажа яна, — напрыканцы 90-х, на Вучоным Савеце Акадэміі навук мяне пераконвалі не пісаць навуковую працу па Разанаву. Маўляў, ён — авангардыст, і навуковая праца па ім — бесперспектыўная. Але ўжо ў 1990 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР і стаў ні больш, ні менш класікам ад беларускага авангарду. А праз 10 год увогуле ператварыўся ў класіка. Разанаў увасабляе ідэю руху, і хаця яго называюць авангардыстам, авангарду ў ім столькі ж, колькі і традыцыяналізму”, — лічыць Ганна Кісліцына.

Паролем паміж еўрапейскімі літаратурамі бачыць Алеся Разанава Андрэй Хадановіч. Такі вобраз у старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра пачаў складвацца яшчэ ў 2001 годзе па прыездзе ў Латвію. Тады ніводзін з масцітых латышскіх літаратараў, пачынаючы з маладых і заканчваючы Кнутсам Скуеніексам, не прамінуў спытаць: як там пажывае Алесь Разанаў?

Але Разанаў мае вагу не толькі ў вачах аўтарытэтных пісьменнікаў. Падводзячы вынік творчасці нашага выбітнага паэта, пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус сказаў: Алесь Разанаў — не адзін з самых знакамітых беларускіх паэтаў, ён — самы галоўны.

Напэўна, адзін з сакрэтаў Разанава, праз які ён выклікае захапленне свету, у тым, што Творца перакладзены больш чым на дваццаць моў свету, і сам піша на пяці мовах.

Хочацца пажадаць, каб да 70-гадовага юбілею выйшла трэцяя запланаваная кніга перакладаў на літоўскую мову. І дызайн кнігі быў аздоблены ў трэці — разам з белым і чорным — беларускі колер: чырвоны.

Аляксей Чубат