» » Памерла Наталля Гарбанеўская

Памерла Наталля Гарбанеўская


Расійская праваабаронца, паэтка і перакладчыца памерла 29 лістапада на 78-м годзе жыцця ў Парыжы.

Яна падтрымлівала беларускіх палітвязняў і была сярод падпісантаў зваротаў за вызваленне Уладзіміра Някляева і Аляксандра Фядуты. У 2006 годзе Гарбанеўская падтрымлівала беларускіх галадоўнікаў.

За свае перакананні яна прайшла савецкую турму і карную псіхіятрыю, але засталася нерэабілітаванай, нагадвае руская служба Радыё Свабода. Наталля Гарбанеўская стала вядомай на ўвесь свет у 1968 годзе, калі ўзяла ўдзел у публічнай акцыі пратэсту супраць уводу войскаў у Чэхаславаччыну. Разам з некалькімі іншымі дысідэнтамі яна прыйшла на Красную плошчу ў Маскве, узяўшы з сабой трохмесячнае дзіця. Тады яе не сталі арыштоўваць. А ў 1970 годзе ёй паставілі дыягназ “вялацякучая шызафрэнія” і накіравалі ў Казанскую псіхіятрычную лякарню турэмнага тыпу, адкуль яна выйшла праз два гады.

У 1974 годзе Гарбанеўская ўдзельнічала яшчэ ў некалькіх ініцыятывах савецкіх дысідэнтаў, пасля чаго ёй зноў сталі пагражаць псіхіятрычнай лякарняй. Яна вырашыла з’ехаць з СССР.

Яна пасялілася ў Парыжы і стала супрацоўнічаць з шэрагам імігранцкіх выданняў, а таксама з Радыё Свабода. Аўтарка паўтара дзясятка кніг вершаў, перакладчык з польскай, чэшскай, славацкай і французскай моваў. Лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу “Руская прэмія” за 2010 год у намінацыі “Паэзія”.

Да апошніх дзён Наталля Гарбанеўская аддавала свой час грамадскім справам. Апошні допіс у яе блогу датуецца 28 лістапада.