» » Хочаш чытаць — прыходзь у суд!

Хочаш чытаць — прыходзь у суд!


У панядзелак, 18 лістапада, у 12:00 Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі будзе разглядаць скаргу выдавецтва “Логвінаў” да Міністэрства інфармацыі Беларусі з просьбай адмяніць загад аб пазбаўленні сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Логвінава выдавецкай ліцэнзіі.

23 верасня прыватнае выдавецтва “Логвінаў” атрымала ад Міністэрства інфармацыі афіцыйнае паведамленне пра пазбаўленне ліцэнзіі на права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць. Ліцэнзію адклікалі “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ішла пра выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які ў красавіку 2013 года суд Ашмянскага раёна сваім вельмі сумнеўным рашэннем прызнаў экстрэмісцкім.

"Логвінаў" выступала выдаўцом альбома, накіроўвала абавязковыя сігнальныя асобнікі “Прэс-фота Беларусі 2011” у Нацыянальную кніжную палату і Міністэрства інфармацыі Беларусі, якія тады ніякіх нараканняў да выдання не прад’явілі. Цяпер жа, праз 2 гады пасля выхаду альбома, Ігара Логвінава без папярэджання проста пазбавілі ліцэнзіі.

Разам з тым на працягу апошніх дзесяці гадоў выдавецтва “Логвінаў” выпусціла ў свет большую колькасць кніг, перакладзеных на беларускую мову з іншых моў, чым профільнае рэспубліканскае прадпрыемства “Мастацкая літаратура”. Шмат якія беларускія літаратары, фактычна не маючы магчымасці друкаваць свае арыгінальныя або перакладныя творы ў выдавецкіх установах Міністэрства інфармацыі, аддавалі і аддаюць свае рукапісы менавіта ў выдавецтва “Логвінаў”.

Таму ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікае ўсіх літаратараў, перакладчыкаў, незалежных журналістаў і фатографаў ў панядзелак а 12 гадзіне прыйсці ў Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі, каб падтрымаць выдавецтва “Логвінаў”, якое мае апошні шанец на аднаўленне ліцэнзіі.

Хочаш мець магчымасць чытаць — прыходзь у суд!
18 лістапада, 12:00, Мінск, вул.Валадарскага, 8.