» » 11 кастрычніка 2013 г.

ЗАЯВА РАДЫ
РГА “БЕЛАРУСКІ ПЭН-ЦЭНТР”


Як нам стала вядома, рашэннем Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь адклікана ліцэнзія выдаўца І.П.Логвінава, выдадзеная яму 8 красавіка 2009 года. На наш погляд, гэтае рашэнне не было бесстароннім і не мела дастатковых прававых падстаў, перш за ўсё ў сувязі з тым, што выдавец І.П.Логвінаў не быў папярэджаны аб месцы і парадку разгляду гэтага пытання, не атрымаў магчымасці пазнаёміцца з сутнасцю прад’яўленых да выдаўца прэтэнзій і, адпаведна, даць тлумачэнні па сутнасці справы.

Пры такіх абставінах вышэйзгаданае рашэнне галіновага міністэрства, на наш погляд, уваходзіць у супярэчнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і з дзейным заканадаўствам у частцы недапушчэння выдавецкай цэнзуры.

Гэтае малазразумелае рашэнне Міністэрства таксама можа разглядацца як спосаб уціску на ўстанову, якая канкурыруе з падведамнымі гэтаму Міністэрству выдавецкімі ўстановамі. Нам, як і чыноўнікам Міністэрства інфармацыі, напрыклад, добра вядома, што на працягу апошніх дзесяці гадоў выдавец І.П.Логвінаў выпусціў у свет большую колькасць назваў кніг, перакладзеных на беларускую мову з іншых моў, чым профільнае Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Мастацкая літаратура” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Шмат якія члены нашага грамадскага аб’яднання, фактычна не маючы магчымасці друкаваць свае арыгінальныя або перакладныя творы ў выдавецкіх установах Міністэрства інфармацыі або не падтрымліваючы эстэтычных крытэрыяў, практыкаваных у гэтых установах, аддавалі і аддаюць свае рукапісы менавіта ў выдавецтва І.П.Логвінава і іншыя прыватныя выдавецкія ўстановы нашай краіны.

Кіруючыся сваімі статутнымі мэтамі, Рада РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр” настойліва заклікае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь адмяніць рашэнне аб пазбаўленні І.П.Логвінава выдавецкай ліцэнзіі. Паведамляем таксама, што мы выкарыстаем усе магчымасці рэгулярнага інфармавання Міжнароднага ПЭН-Клуба ды іншых міжнародных і нацыянальных творчых арганізацыі аб развіцці падзей вакол выдавецтва Логвінава.

Zajava.pdf [345.94 Kb] (cкачиваний: 12)


г. Мінск,
11 кастрычніка 2013 г.