» » Ірына Халіп і Том Стопард падзялілі брытанскую прэмію ПЭН-клуба / Пінтэра

Ірына Халіп і Том Стопард падзялілі брытанскую прэмію ПЭН-клуба / Пінтэра


Драматург сэр Том Стопард атрымаў сёлета прэмію Пінтэра ў Брытанскай бібліятэцы ў Лондане. Пра перамогу Стопарда было вядома некалькі дзён таму, але тое, што беларуская журналістка Ірыну Халіп стала суатрымальніцай пісьменніцкай узнагароды за мужнасць, абвясцілі сёння.

Паводле сэра Тома, Ірына Халіп заслугоўвае прызнання за крытыку аўтарытарнай улады, нягледзячы на запалохванні і пазбаўленне волі.

Узнагарода ПЭН-клуба / Пінтэра — штогадовая літаратурная ўзнагарода, заснаваная 2009 брытанскім ПЭН-клубам у гонар Гаральда Пінтэра, які быў актыўным удзельнікам Камітэта “Пісьменнікі ў зняволенні”. Прэмію дзеляць паміж брытанскім пісьменнікам, які дэманструе, кажучы словамі Нобелеўскай прамовы Пінтэра, “цвёрдую, непахісную і гарачую інтэлектуальную рашучасць”, і замежным пісьменнікам, які цярпіць пераслед або зняволены за свае погляды.

Том Стопард адзначыў, што ён лічыць гонарам падзяліць узнагароду з адважнай журналісткай.

Інфармацыйныя агенцтвы цытуюць словы Ірыны Халіп:

“Гэта вялікі гонар для мяне, але больш за тое — гэта адзнака справядлівай барацьбы народа Беларусі за правы чалавека і за нашу годнасць”.

Антонія Фрэйзер, удава Гаральда Пінтэра, сказала: “Гаральд прывітаў бы перамогу Тома з энтузіязмам як вялікі прыхільнік яго творчасці, ён быў бы асабліва ўсцешаны прэміяй Ірыне, бо беларуская справа была блізкая яго сэрцу”.