Сярод трох намінантаў на прэмію Вацлава Гавэла па правах чалавека — Алесь Бяляцкі


Зняволены старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія) і Rights Defence Network (Кітай) з'яўляюцца трыма кандыдатамі на прэмію Вацлава Гавэла па правах чалавека.

Зняволены старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія) і Rights Defence Network (Кітай) з’яўляюцца трыма кандыдатамі на прэмію Вацлава Гавэла па правах чалавека. Адборачная камісія, якая складаецца з шасці незалежных дзеячаў пад старшынством Жан-Клода Міньёна, прэзідэнта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), 26 жніўня падрыхтавалі шорт-ліст на аснове 27 кандыдатур, якія адпавядалі крытэрам прэміі.

Як паведамляе сайт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, спачатку журы прадставіла спіс з шасці кандыдатаў, сярод якіх былі названыя Людміла Аляксеева (Расія), Алесь Бяляцкі (Беларусь), Грузінская Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія), Венгерскі Хельсінскі камітэт (Венгрыя), Псіхічны цэнтр абароны інвалідаў (Венгрыя) і Сетка абароны правоў (Кітай).

Беларускага праваабаронцу вылучылі больш за 30 польскіх НДА. Ініцыятыва ўзнагароджання Алеся Бяляцкага прэміяй Вацлава Гавэла належыць фонду Стэфана Баторыя.

“Неабходна заахвочваць і змяшчаць у цэнтры ўвагі тых, хто бярэ на сябе абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, і гэта найменшае, што мы можам для іх зрабіць. Гэта тое, для чаго існуе прэмія”, — сказаў прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Жан-Клод Міньён, абвясціўшы вынікі галасавання.

Імя пераможцы афіцыйна будзе абвешчанае старшынёй ПАСЕ ў 12.30 у першы дзень восеньскай сесіі ў Страсбургу, 30 верасня 2013 года.

Мэтаю Прэміі Вацлава Гавэла па правах чалавека з’яўляецца ўшанаванне выбітных дзеячаў грамадзянскай супольнасці ў абароне правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі. Прэмія ўручаецца кожны год на Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў партнёрстве з Бібліятэкай Вацлава Гавэла і фондам “Charta 77”. Яе вартасць — ? 60 000.