Новыя вершы Віктара Жыбуля на Беларускім літаратурным радыё


На сайце Беларускага літаратурнага радыё з'явіліся новыя вершы Віктара Жыбуля з аўдыёзапісамі.

На сайце Беларускага літаратурнага радыё з’явіліся новыя вершы Віктара Жыбуля з аўдыёзапісамі.

Лямант на кірмашы

Аднаму паэту

— Я бедны. Я сумны. Я плáчу.
Купляйце, купляйце слёзы мае!
Я шмат не вазьму:
пяць даляраў — слязінка,
а хто купіць 10 штук —
адзінаццатую атрымае бясплатна!

Купляйце кожны мой выдых!
І што з таго, што паветра
я сам удыхаю бясплатна?
Я ж кісларод удыхаю,
а выдыхаю не штосьці вам там,
а вуглякіслы газ найвышэйшае пробы!
Купляйце, купляйце! У гас-
падарцы спатрэбіцца!
Няўжо вы не цэніце
працу лёгкіх маіх
у хвіліны, калі мне цяжка?!

Гэй, смялей, падыходзьце!
Вы што, не бачыце, што галечай і нэндзай
я даведзены да адчаю
і прадаю сам сябе на органы:
ну, вось пазногці (абстрыжаныя акуратна),
ну, вось валасы, ну… і хопіць:
болей нічога я вам не прадам!
Бо неахвота здымаць з сябе фрак
і бліскучыя боты.

Ах, не падыходзіце?
Ах, не купляеце?
Ну тады я на вас
падам у суд,
КАЗЛЫ!!!

Цяпер на сайце Беларускага літаратурнага радыё можна пачытаць і паслухаць таксама наступныя тэксты Віктара Жыбуля: “Галава трашчыць ад перагрузу...”, “Кацяняты“, “Лёс непатрэбных рэчаў“, “Ліфт“, “Мяне ў рацэ тапілі...”, “Творца і публіка“, “Фуга“.

Віктар Жыбуль

Паэт-авангардыст, перформер, літаратуразнаўца.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Калі ў хаце дыверсант” (1996), “Прыкры крык” (2001), “Дыяфрагма” (2003), “Стапеліі” (2012), паліндромнай паэмы “Рогі гор” (1997), шэрагу літаратуразнаўчых артыкулаў. Удзельнік руху “Бум-Бам-Літ”. Творы Жыбуля перакладаліся на англійскую, балгарскую, латышскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую і чэшскую мовы.

На сённяшні дзень на сайце Беларускага літаратурнага радыё размешчаныя ў аўдыёзапісах творы больш як пяцідзесяці паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў.